Віцебскі гарвыканкам – супраць безалкагольнай зоны ў парку

Віцябляне прапанавалі адмовіцца ад продажу алкагольных напояў на разліў у парку ўздоўж рэчкі Віцьба — тут абсталяваны спартовыя пляцоўкі, моладзь бавіць час на роварах або ролікавых каньках, для дзяцей працуюць атракцыёны, можна ўзяць у арэнду катамаран або лодку.

2019_07_22_lipka_vitbaadmova_f1_1024x683.jpg

Побач у вулічных кавярнях прадаецца алкаголь, і нецвярозыя грамадзяне толькі псуюць імідж краіны, дзе нібыта змагаюцца за здаровы лад жыцця.

Таму віцяблянін Яўген Крыскевіч стварыў петыцыю з просьбай да гарадскіх уладаў, каб гандаль спіртовымі напоямі ў гэтым месцы быў забаронены:

Парк павінны быць без алкаголю — для актыўнага адпачынку, заняткаў спортам. Для актыўнага ладу жыцця, які павінны быць у нашай краіне, у нашым горадзе. Але з аднаго боку нам прапануюць здаровы лад жыцця, а з другога — цыгарэту ў руку!

2019_07_22_lipka_vitbaadmova_f2_kriskevich.jpg


Пад петыцыяй падпісаліся 430 чалавек, у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна правялі сход па абмеркаванні праблемы. Але прыхільнікі здаровага ладу жыцця не атрымалі падтрымкі з боку ўладаў.

У адказе на петыцыю першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Валянцін Цвяткоў напісаў, што “гандаль алкагольнымі напоямі на разліў у аб’ектах грамадскага харчавання на тэрыторыі набярэжнай ракі Віцьба не супярэчыць дзейнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.

На думку Яўгена Крыскевіча, адмовіцца ад продажу алкаголю замінае жаданне атрымаць дадатковыя грошы:

Гэта грошы, у першую чаргу. Ніхто не хоча думаць пра здароўе нацыі. Таму гэта вельмі крыўдна: з аднаго боку, людзі вядуць здаровы лад жыцця, а з другога — каб не забываліся кульнуць шклянку. Бо ў першую чаргу думаюць пра грошы, а пра ўсё астатняе — потым.

2019_07_22_lipka_vitbaadmova_f3_1024x683.jpg



Парк уздоўж Віцьбы — адзінае месца ў межах гораду, дзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам і сямейнага адпачынку. Таму гараджане прасілі адмяніць продаж алкаголю менавіта тут, падкрэсліваючы, што ў абласным цэнтры ёсць дзясяткі іншых вулічных кавярняў з алкагольным асартыментам. Адмова з боку гарвыканкаму азначае, што гэта прынцыповая пазіцыя ўладаў, таму абскарджваць адказ чыноўніка Яўген Крыскевіч лічыць бессэнсоўным.

Беларускае Радыё Рацыя