Vice: У Грэцыі за Пратасевічам сачылі агенты з расійскімі пашпартамі

За блогерам сачылі з моманту яго прыбыцця ў Афіны перад канферэнцыяй 9 траўня, паведамляе «Еўрарадыё».

pratas_0306.jpg

У Грэцыі за Раманам Пратасевічам сачылі агенты з расійскімі пашпартамі, піша выданне Vice са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паведамляецца, што гэтыя людзі пераследавалі беларускага блогера з моманту яго прыбыцця ў Афіны перад канферэнцыяй 9 траўня.

"Пасля таго як мы сабралі запісы з камер відэаназірання ў гатэлях, з Крыта і ў аэрапорце, становіцца ясна, што іх адсочвалі аператыўнікі з расійскімі пашпартамі. Мы лічым, што гэтыя людзі дзейнічалі ад імя Беларусі і дапамагалі ўсталяваць, [што] Пратасевіч знаходзіўся на борце самалёта, калі ён пралятаў над Беларуссю", — распавёў Vice супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

Блогера Рамана Пратасевіча разам з яго сяброўкай Соф'яй Сапега затрымалі 23 траўня. Іх знялі з борта самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Рэйс пад канвоем знішчальніка павярнулі ад літоўскай мяжы і пасадзілі ў Мінску, заявіўшы, быццам там можа быць выбуховае прыстасаванне.