Верталёты ВПС РБ, што заляцелі ў Польшчу, ахоўвалі Лукашэнку?
Тэлеграм-канал, які спецыялізуецца на адсочванні вайсковай актыўнасці ў Беларусі, прааналізаваў інцыдэнт з верталётамі ВПС РБ, якія парушылі паветраную прастору Польшчы. Згодна з высновамі, такое цалкам магло адбыцца з-за памылкі пілотаў.
З самай раніцы ў СМІ распаўсюджваецца вялікая колькасць інфармацыі, якую мы праверылі, і прыводзім ніжэй толькі верыфікаваныя намі факты.
Перакідка двух верталётаў ВПС РБ у памежжа 29 ліпеня
29 ліпеня ў раёне 17:00 з «Мачулішчаў» у раён в/ч каля в. Каменюкі вылецелі два верталёты ВПС РБ: Мі-8 і Мі-24 (з бартавым нумарам 14). У Камянюкі яны прыбылі ў раёне 18:30. Верталёты прыбылі туды для аховы паветранай прасторы РБ падчас візіту Лукашэнкі ў рэзідэнцыю «Віскулі».
Адзначым, што гэта частка стандартнай працэдуры апошніх гадоў, роўна тое самае было і ў красавіку гэтага года.
30 ліпеня ў раёне 17:00 Лукашэнка вылецеў са сваёй рэзідэнцыі пад Мінскам на верталёце Мі-8, яго суправаджаў другі Мі-8 ВПС РБ. Прыкладна праз 1,5 гадзіны Лукашэнка прыляцеў у рэзідэнцыю «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай, а верталёт суправаджэння адправіўся да двух іншых верталётаў у раён в. Каменюкі.
З вечара 30 ліпеня Лукашэнка знаходзіцца ў рэзідэнцыі «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай. Увесь дзень 31 ліпеня Лукашэнка знаходзіўся ў Віскулях.
Раніца 1 жніўня
Каля 9:40 з в/ч у в.Каменюкі ўзляцелі два верталёты ВПС РБ: Мі-24 (бартавы нумар 14) і Мі-8, якія паляцелі патруляваць мяжу ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.
Верталёт Лукашэнкі ўзляцеў з Віскулёў каля 10.00 і адправіўся ў аграгарадок Белавежскі, куды яго суправаджаў Мі-8 ВПС РБ. У раёне 12.30 Лукашэнка вярнуўся ў Віскулі, і ўсе 3 верталёты ВПС РБ селі ў Камянюках.
Першыя паведамленні, што два верталёты ВПС РБ перасеклі мяжу з Польшчай пачалі паступаць прыкладна 10:30 па мінскім часе. У гэты час Мі-8 і Мі-24 якраз патрулявалі мяжу. Па паведамленнях у сацсетках і СМІ, два верталёты былі заўважаныя над польскай вёскай Белавежа, якая знаходзіцца ў 2-х км ад мяжы.
Пазней зʼявіліся фота, дзе бачна, што гэта менавіта тыя верталёты, якія ўдзельнічалі ў патруляванні мяжы з Польшчай. На Мі-24 ВПС РБ можна заўважыць бартавы нумар 14. Нам удалося праверыць адно з фота і пацвердзіць, што яно было зроблена ў адным у в. Белавежа за 2,3 км ад мяжы. Гэта ж пацвярджаюць і карыстачы ў Twitter.
Таксама адзначым, што ў СМІ распаўсюджваецца відэа верталёта Мі-2, які не мае дачынення да ВПС РБ, верагодна, гэта польскі верталёт.
Ці былі нейкія вучэнні ў памежжы з Польшчай пра якія пішуць у СМІ?
Не, у тым раёне ніякіх вучэнняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэнняў дачынення не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі.
Навошта верталёты маглі заляцець у Польшчу?
Мы лічым, што пілоты верталётаў ВПС РБ маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы, аднак усё паказвае на тое, што гэта было зроблена выпадкова.
Мэтанакіраваная правакацыя з перасячэннем мяжы двума баявымі верталётамі — гэта быў бы надзвычай небяспечны крок, улічваючы, што ўсяго ў +- 10 км знаходзіцца Лукашэнка, а ў 7,5 км ад мяжы ён начуе ўжо некалькі дзён, у тым ліку і прама цяпер.