Вейшнорыя: дэмакратыя «на каленцы»

Аднаму з цікавых беларускіх інтэрнэт-праектаў — Рэспубліцы Вейшнорыя — споўніўся год. 21 верасня віртуальная краіна святкуе перамогу ў «сямідзённай вайне», — у час вайсковых вучэнняў «Захад–2017» у Беларусі.

ditn6j8xuaayzxb.jpg

Нагадаем, што і сама краіна ўзнікла з ідэі гэтых вучэнняў, прыдуманых вайскоўцамі. Назву «Вейшнорыя» атрымала частка тэрыторыі Беларусі на захадзе краіны. Паводле сюжэту вучэнняў, суседнія «Весбарыя» і «Лубенія» дэстабілізуюць становішча Вейшнорыі, а войскі Расіі і Беларусі прыводзяць усё да ладу.

Грамадзяне Беларусі моцна абурыліся тым, што частку рэспублікі вайскоўцы абвясцілі «сепаратыстамі». За лічаныя гадзіны пасля раскрыцця ідэі вучэнняў у Вейшнорыі з’явіліся герб, сцяг і Міністэрства замежных спраў. Надалей узніклі пашпарты Вейшнорыі, грамадзянства краіны, грошы і аж тры сталіцы — фактычная, адміністрацыйная і культурная (Гродна, Ліда, Смаргонь).

Што тычыцца «сямідзённай вайны», то Вейшнорыя прыпісала сабе перамогу з-за шматлікіх эксцэсаў падчас тых вучэнняў. У той час у ДТЗ трапіў камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў і яго намеснік па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы генерал-маёр Уладзімір Качаткоў. У выніку несанкцыянаванага пуску ракеты з расійскага верталёта былі параненыя некалькі журналістаў (казалі пра трох чалавек) і знішчаная машына кіравання беспілотнікамі комплексу РБ-341В «Леер-3». Таксама нечакана на вучэннях стрэліў танк — ён трапіў баявым снарадам у аддзяленне сапёраў, адзін з якіх загінуў. Стратэгічны бамбавік Ту-22М3 на авіябазе Шайкаўка (Калужская вобласць) выкаціўся са ўзлётнай паласы — і ўзнаўленню не падлягаў. Вучэбна-баявы самалёт ЯК-130 разбіўся паблізу аэрадрома Барысаглебск у Варонежскай вобласці.

Вейшнорыя не згубіла ніводнага чалавека ці адзінкі тэхнікі

Адсвяткаваўшы перамогу, грамадзяне Вейшнорыі не разбегліся, як гэтага можна было чакаць. Да канца вучэнняў «Захад–2017» вейшнорцамі запісаліся каля 15 тысяч чалавек. Узнікла ідэя працягнуць гэтую гульню.

Што такое Вейшнорыя зараз, і які ў яе працяг? Пра гэта НЧ распавядае адзін са стваральнікаў праекту, былы дэпутат Сойму інтэрнэт-краіны Аляксандр Лыкшын.

Аляксандр Лыкшын

Аляксандр Лыкшын


— Глабальная мэта Вейшнорыі — пабудаваць ідэальную дзяржаву, краіну мары. У выпадку Вейшнорыі хайп ператварыўся ў ідэю — ці можна пабудаваць «дзяржаву мары» ў інтэрнэце альбо гэтая задача абсалютна нерэальная? Спробы працягваюцца, народ і цяпер у гэтым удзельнічае, бо лічыць гэта мэтазгодным. Інакш бы праект загнуўся, як і любы хайп, які загінаецца праз тыдзень пасля таго, як ён скончыўся.

На хвалі энтузіязму год таму былі праведзеныя выбары ў Сойм Вейшнорыі. У іх удзельнічала адносна багата людзей. Асобы, абраныя дэпутатамі, напэўна, адчувалі нейкую адказнасць перад выбаршчыкамі за тое, каб надалей удзельнічаць у працэсе. Такім чынам сфармавалася грамада, якая сочыць за зменамі праекта, прапануе гэтыя змены, удзельнічае ў іх.

Зараз у Вейшнорыі адбываюцца ўжо другія выбары ў Сойм. І мы, як тэхнічная арганізацыя платформы, бачым задачу, каб змадэляваць працэс выбараў такім чынам, калі ўсе выбарчыя працэдуры празрыстыя і зразумелыя для ўсіх удзельнікаў выбараў.

Выбары адыгрываюць ключавую ролю. У Рэспубліцы Беларусь толькі прэзідэнцкія выбары 1994 года можна назваць сапраўды свабоднымі і легітымнымі. З тых, хто ўдзельнічаў у тых выбарах, засталася хіба траціна насельніцтва. Інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца дзве траціны грамадзян. Атрымліваецца, што з карыстальнікаў інтэрнэту толькі 10–15% удзельнічалі ў сапраўдных несфальсіфікаваных выбарах. Астатнія 85% у нармальных выбарах не ўдзельнічалі ўвогуле ані разу! Таму грамадская мэта Вейшнорыі — паказаць, якімі могуць быць празрыстыя выбары. Калі вылучаюцца дэлегаты, прэзентуюць свае праграмы і атрымліваюць галасы на падставе гэтых праграм, на грунце таго, што яны прапануюць.

Мэта — навучыць людзей выбіраць, а абраным — даць досвед працы ў камандзе. Таму што абрацца — палова справы, трэба і далей працаваць. У прынцыпе, гэтак і ў звычайнай палітыцы: калі ты абраўся, далёка не факт, што ты будзеш добрым дэпутатам і сыдзеш са знакам «плюс».

dr_f6rgwkaa6ws_.jpg

— А дэпутаты першага Сойму Вейшнорыі далі справаздачу перад выбаршчыкамі? Што было зроблена за год працы?

— Галоўнае, што яны зрабілі, — прынялі Канстытуцыю Вейшнорыі, якая прыбрала ўсе жахі і асцярогі наконт краіны. Напрыклад, некаторыя лічылі, што Вейшнорыя можа трансфармавацца ў падабенства так званых «ЛНР-ДНР». У Канстытуцыі замацаваная экстэрытарыяльнасць Вейшнорыі і асноўныя палажэнні віртуальнай краіны. Былі прынятыя іншыя палажэнні і законы, якія абмалёўваюць, як у прынцыпе можа выглядаць краіна будучыні.

Калі мы стваралі платформу анлайн-дэмакратыі, у нас не было прыкладаў, адкуль можна было б што-небудзь узяць. Усё прыдумвалася «на каленцы» самімі ўдзельнікамі праекту. Зразумела, былі памылкі, былі правалы, якія можна ўлічыць пры наступнай працы Сойму, што і будзе зроблена. Тое ж тычыцца і працэсу выбараў. Першыя выбары праходзілі ва ўмовах нулявой заканадаўчай базы. Зараз супольнасць ужо выпрацавала правілы гульні: як гэта павінна праходзіць, што рабіць і як працаваць. Другі Сойм будзе гуляць ужо паводле пэўных правілаў.

— Год дэпутацтва — ці не замала?

— Як паказала практыка, для інтэрнэт-праекту гэтага дастаткова. Дэпутаты першага Сойму Вейшнорыі абіраліся на хвалі хайпу, і працэс гэты таксама праходзіў на хвалі хайпу. Тыя, хто балатуецца ў Сойм зараз, робяць гэта больш асэнсавана, і таму ёсць верагоднасць, што праект віртуальнай дзяржавы будзе больш грамадска і палітычна актыўнейшым.

135bfca7b85fff572114b87e82c7a1d9_thumb_1400x1500_w.jpg

— Напачатку гэтага года «цацачнай» Вейшнорыі перайшлі паўнамоцтвы па развіцці зусім не цацачных грошай — беларускай крыптавалюты «талер». Ці моцна гэта дапамагло як Вейшнорыі, так і талеру?

— Гэтае пытанне трэба падзяліць на дзве часткі. Па-першае, не ва ўсіх вейшнорцаў быў досвед працы з крыптавалютамі. Нават у дэпутатаў Сойма. Талерам цікавіліся ў асноўным аналітыкі, трэйдары, эканамісты — тыя, хто разумеў, з чым гэтыя крыпавалюты ядуць. Па-другое, пасля новага года сцішыўся і хайп вакол крыптавалютаў — у выніку чаго біткойн, напрыклад, упаў у кошце ў тры-чатыры разы. Адпаведна, гэта тычыцца ўсіх крыптавалютаў.

Галоўнае, што адбылося, — стваральнікі талера перадалі прэмайн (то бок, пэўную колькасць загадзя намайненых талераў) для далейшага пераразмеркавання. Мы, адміністратары, гэтыя талеры перадаём дэпутатам. І дэпутаты ўжо вырашаюць, як размеркаваць гэты прэмайн далей. То бок, у краіны з’явіўся бюджэт.

— Калі талер перайшоў Вейшнорыі, было багата размоў пра тое, што мясцовыя лакальныя ініцыятывы могуць скарыстаць талер для «ўнутраных разлікаў» паміж сабою. Гэтая ідэя рэалізуецца?

— На жаль, я пра такое не ведаю. Можа быць, нехта проста не ствараў такія ініцыятывы, таму мы не сачылі за размеркаваннем. Зноў жа, каму і колькі талераў выдаць, вырашаюць дэпутаты. Насамрэч, штодня ажыццяўляецца транзакцый на 50–70 тысяч талераў. Зразумела, не ўсё гэта робіцца праз Вейшнорыю, але і нельга сказаць, што талер «мёртвы».

— Таксама быў варыянт, што Вейшнорыя паспрыяе аб’яднанню людзей у лакальныя ініцыятывы. Што праз сайт людзі будуць знаходзіць адна­думцаў, і разам вырашаць нейкія мясцовыя праблемы…

— Гэта, зноў жа, на сумленні саміх вейшнорцаў. Я ведаю, што былі афлайн-сустрэчы. У Кіеве атрад грамадзян Вейшнорыі рэгулярна ўдзельнічае ў трэніроўках рэгіянальнай абароны — са сцягам Вейшнорыі, з нашыўкамі і гэтак далей.

image_9.jpg

— На тваю думку, будучыня ў Вейшнорыі — ці ёсць яна? І якая?

— Усё залежыць ад грамадзян Вейшнорыі. Наша праца — стварыць пляцоўку. Калі людзі будуць зацікаўленыя, праект будзе развівацца. Грамадзянства Вейшнорыі можна атрымаць дагэтуль: кожны, хто жадае далучыцца, за невялічкую аплату можа стаць удзельнікам цікавага праекта ў сучасным свеце. Насамрэч, такіх рэчаў не вельмі шмат, і недзе нават праскоквала інфармацыя, што Вейшнорыя стала адной з найбуйнейшых мікранацый за ўсю гісторыю інтэрнэту. Так што гэта праект для людзей, якім цікавая палітыка, грамадская дзейнасць і ўвогуле жыццё навокал.

— За невялічкую аплату?

— Гэта кошт пашпарту, ID-карткі вейшнорца. Можна прымаць удзел і без такога пашпарту, але тады ўдзельнік будзе абмежаваны ў некаторых правах — у прыватнасці, удзеле ў выбарах. Як, у прынцыпе, і ў Беларусі, і ў іншых краінах — у выбарах удзельнічаюць тыя, хто мае дакумент, пашпарт.

Зараз завяршаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ІІ Сойму Вейшнорыі. Потым месяц — перадвыбарчая агітацыя, калі кандыдаты будуць прасоўваць свае праграмы. Потым — два тыдні галасавання. Пасля на працягу месяца Сойм пачне працу — і будзе бачна, куды праект ідзе далей.

Пакуль што няма ніводнай прычыны, па якой праект Вейшнорыі мог бы спыніць існаванне. Усё больш людзей у ім удзельнічае, і выкрышталёўваецца ідэя, як гэта павінна выглядаць.

— Ці ёсць варыянты, што гэтая праца на віртуальную будучыню віртуальнай краіны пяройдзе ў рэал?

— Гледзячы, што лічыць рэалам. Дэпутаты Сойму Вейшнорыі стасаваліся не толькі праз інтэрнэт. Яны сустракаліся ў Мінску, Кіеве, Чарнігаве… Афлайнавыя сустрэчы адбываліся пастаянна — з размовамі пра будучыню Вейшнорыі, і гэтак далей.

Насамрэч, усё залежыць ад канкрэтных асобаў. Калі дэпутаты вырашаць, што ім трэба дадатковая афлайн-актыўнасць — калі ласка. Калі вейшнорац вырашыць стаць дэпутатам беларускага парламента ці мясцовых Саветаў — перашкаджаць ніхто не будзе.


***

Цікава, што чытачы НЧ думаюць пра праект «Вейшнорыя»? Дзяліцеся меркаваннямі ў каментарах!