Варта ў Курапатах будзе трымацца да закрыцця рэстарацыі
Варта абароны Курапатаў трывае ўжо больш за 1,5 года. Апошнім часам навінаў пра яе няшмат, самай гучнай і журботнай стала звестка пра смерць удзельніка Варты Барыса Дуброўскага на мінулым тыдні, які памёр, ідучы з Курапатаў. Але абарона мемарыялу трывае, і яе ўдзельнікі не думаюць здавацца. Больш за тое, за гэты час удалося дабіцца пэўных поспехаў, распавяла «Новаму Часу» сталая ўдзельніца Варты Ганна Шапуцька.

Варта абароны Курапатаў (архіўнае фота)
— Былі чуткі, што Варта прыпыняецца на каранцін. Што ўсё ж вырашылі?
— Пакуль не прыпыняем, бо няма агульнай згоды на каранцін. Пакуль рэстарацыю не зачыняць на каранцін, то дакладна па пятніцах і суботах Варта будзе. Прапануем (на час эпідэміі. — НЧ.) максімальна задзейнічаць асабістыя машыны і на Варту прыязжаць здаровымі. Ну і наогул, тут павінны адказныя за свае дні вырашаць самі. Строгай дамовы, канешне, быць не можа. Свабодны фармат Варты, але ж пратэст трымаем.
Наогул, на гэтым тыдні машынаў наведвальнікаў фактычна няма. Але ж і ў пятніцу, і ў суботу прыязджалі людзі, каб нас падтрымаць, і вельмі дзякавалі за надзею. Адзін чалавек казаў, маўляў, еду па кальцавой, бачу бел-чырвона-белыя сцягі, і мне на душы лягчэй і спакайней. Шчыра так казаў. Зміцер Дашкевіч яму кнігу абяцаў выслаць з аўтогафам, адрэсу ўзяў.
— Няма перасцярогі, што, калі Варта ўсё ж прыпыніцца, яна ўжо можа не аднавіцца? Усё ж людзі стаміліся, як бы ні бадзёрыліся...
— Не, няма. Наадварот, за каранцін адпачнуць, сіл набяруцца, ідэй, і з новай энергіяй, абноўленыя, — на Варту.
Вось, Ніна Багінская пасля смерці Барыса, калі я прасіла яе, каб адна не хадзіла ў аўторак, адказала мне, маўляў, Ганна, я ні з кім дамаўляцца не буду, буду прыязджаць і стаяць адна. Бачна, што яна вельмі перажывае смерць Барыса. Яны ж апошнім часам на Варце па аўторках — і вада не размые, на іх аўторкі трымаліся.
Таксама ў пятніцу а 17.00 людзі, хоць і няшмат, прыходзяць на малітву за Беларусь. Па нядзелях яшчэ царква «Ян Прадвеснік» малітву ладзіць.
Там яшчэ развіваецца эпапея з рэкламай. Знялі яшчэ адзін рэкламны шчыт рэстарацыі. Бо гэтая рэклама размешчаная ў зонах аховы мемарыяла, а дазволу ад Мінкульта на яе не было і няма. Існаванне любой вонкавай рэкламы ў зонах аховы без дазволу Мінкульта забараняецца, ім павінны штраф даць, але ж можа быць, як заўсёды ў нас.
Ужо шчыт перад рэстарацыяй і шчыт пасля яе прыбралі. Апошні літаральна на днях. Мы ў суботу заўважылі яго адсутнасць. Застаўся толькі адзін рэкламны шчыт рэстарацыі. Іх прыбірае фірма, якая ставіла, а фірма мінская, таму за ліквідацыю адказвае горад. Генпракуратура ўзяла мой апошні зварот на кантроль, цяпер чакаю адказу з Мінгарвыканкама. Паглядзім, ці прыбяруць на гэтым тыдні. Калі ўсе шчыты прыбяруць, а іх пакінуць, то гэта вельмі цікавая гісторыя будзе.
— Ці думаеце неяк пра тое, каб мяняць фармат Варты?
— Наша тактыка — трымацца да закрыцця рэстарацыі. Ну а фармат, хутчэй, застанецца тым жа (стаяць на ўваходзе ў рэстаран і інфармаваць наведвальнікаў пра Курапаты — НЧ.), хоць я б асабіста ўзмацніла б пятніцу, зрабіўшы Дзень салідарнасці і малітвы на Варце. Ну і пра талокі трэба думаць.