Валянцін Стэфановіч супраць зачысткі інфармацыйнай прасторы пад знакам барацьбы з наркагандлем

Падчас выступу на нарадзе па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў 4 снежня міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. 



cenzura_u_internet1.jpg

    У прыватнасці, на яго думку, патрабуецца забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаным у спіс абмежаванага доступу. Вядома, што ў гэты спіс унесены таксама і некаторыя незалежныя сайты, сярод якіх — charter97.orgbelaruspartisan.orgspring96.org, блог Яўгена Ліпковіча ў livejournal ды іншыя грамадска- палітычныя сайты.

    Яшчэ напрыканцы 2013 года намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”  Валянцін Стэфановіч атрымаў паведамленне з Генеральнай пракуратуры Беларусі пра тое, што сайт ПЦ “Вясна” быў унесены ў спіс рэсурсаў з абмежаваным доступам па рашэнні таго ж органа ў жніўні 2011 года на той падставе, што “дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.

    Пасля гэтага Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска са скаргай на рашэнне Генеральнай пракуратуры.

    18 лютага 2014 г. суд Цэнтральнага раёна пастанавіў, што Валянцін Стэфановіч не валодае належнай правасуб’ектнасцю: паколькі ён не з’яўляецца ўладальнікам сайта www.spring96.org, ён не можа быць ахвярай унясення сайта у “чорныя спісы” і не можа абскардзіць рашэнне ў касацыйным парадку.

    Нагадаем, што ў лютым 2014 года Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выказала занепакоенасць судовым рашэннем наконт абмежавання доступу да сайта ПЦ “Вясна”.

    Праваабаронцы вітаюць захады ўладаў па ўзмацненні барацьбы з наркагандлем у Беларусі, аднак выказваюць нязгоду з тым, што пад гэтаю маркай дзяржава спрабуе зачысціць і без таго абмежаваную незалежную інфармацыйную прастору.

    Сітуацыю каментуе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”  Валянцін Стэфановіч: “Так, я асабіста падтрымліваю захады па ўзмацненню барацьбы з распаўсюдам і гандлем наркотыкамі, аднак я катэгарычна супраць абмежавання канстытуцыйных правоў на выказванне свайго меркавання, распаўсюд і пошук інфармацыі. Мы расцэньвалі і расцэньваем уключэнне сайта ПЦ “Вясна” у спіс абмежаванага доступу рашэннем Генеральнай пракуратуры, як праяву цэнзуры і адну з формаў ціску на нашую арганізацыю, якая займаецца легітымнай дзейнасцю па абароне правоў чалавека.” 

    spring96.org