Валерый Карбалевіч: Лукашэнка рыхтуе новую Канстытуцыю пад самога сябе
Палітолаг праслухаў, што гучала на нарадзе ў беларускага кіраўніка па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, і растлумачыў, што за меседжы там прагучалі.
— Лагічна, што Лукашэнка збірае нараду, каб прыняць нейкія рашэнні, якія потым увойдуць ужо ў Канстытуцыю. Сама працэдура зразумелая. Але што тычыцца ўсяго астатняга — усё вельмі супярэчліва, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Валерый Карбалевіч.
Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб
неабходнасці пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам, парламентам,
мясцовымі органамі.
— З аднаго боку, трэба надзяліць вялікімі паўнамоцтвамі
нейкія іншыя органы ўлады, але тады гэтыя паўнамоцтвы трэба ў кагосьці
адабраць. Асноўныя паўнамоцтвы сёння ў руках прэзідэнта. Але з заяў Лукашэнкі
вынікае, што нельга гэтыя паўнамоцтвы адымаць у прэзідэнта, таму што прэзідэнт
ператворыцца «ў пустое месца» і «краіне не бываць».
Значыць, я так мяркую, нейкія паўнамоцтвы прэзідэнта ўсё ж
скароцяць. Але якія менавіта, наколькі і на карысць каго, пакуль абсалютна
незразумела, — кажа суразмоўца.
Тое, што Лукашэнка асобна закрануў пытанні распараджэння
зямлёй, на яго думку, з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем тыповага аўтарытарнага
праўлення:
— Тут сама пастаноўка пытання характэрная для аўтарытарнай
дзяржавы. Наогул зямлю не павінен раздаваць ні Лукашэнка, ні кіраўнікі
абласцей або іншыя чыноўнікі. Калі гэта рынкавая эканоміка, то зямля павінна
прадавацца-купляцца, паводле пэўных правілаў. А калі мы гаворым пра нярынкавую эканоміку, пытанне аб прадастаўленні камусьці зямлі павінна вырашацца праз
аўкцыён, конкурс, абсалютна празрысты, у якім маглі б удзельнічаць розныя
кампаніі на роўных умовах і г. д.
Сама дыскусія аб тым, хто павінен раздаваць зямлю —
прэзідэнт або губернатар — гэта зусім несумяшчальна з дэмакратыяй і наогул
прававой дзяржавай.
Эксперт, нягледзячы на адсутнасць якой-небудзь канкрэтыкі ў
дачыненні да пераразмеркавання паўнамоцтваў і змен у Канстытуцыю, зрабіў
наступныя высновы:
— Мы павінны разумець, што ў любым выпадку гаворка ідзе не
пра Лукашэнку цяпер. Пакуль ён ва ўладзе, ніякіх перамен не прадбачыцца. Гэта
ўсё тычыцца будучага прэзідэнта.
Пакуль мы не ўбачым нейкі праект Канстытуцыі, незразумелым
застаецца галоўнае пытанне: якую пасаду будзе займаць сам Лукашэнка пасля таго,
як з'явіцца новы прэзідэнт. Калі ён будзе ўзначальваць УНС — гэта адзін
варыянт. Тады як бы гэтыя паўнамоцтвы прэзідэнта пяройдуць да яго ў гэтым
статусе. Калі ў яго ёсць іншы варыянт, тады і з паўнамоцтвамі ўсё можа быць
інакш.
І самая галоўная выснова — у тым, што ў падрыхтоўцы
Канстытуцыі беларускае грамадства, беларускі народ ніякага ўдзелу не прымае і
прымаць не будзе.
Лукашэнка рыхтуе новую Канстытуцыю пад сябе, пад свае
ўласныя палітычныя патрэбы, — сказаў на заканчэнне Валерый Карбалевіч.