Прэс-сакратар Пуціна: Лукашэнка публічна заяўляў, што канстытуцыйная рэформа будзе
Размовы пра аб'яднанне Расіі і Беларусі не ідзе, але ў Крамлі хацелі б максімальна магчымай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю газеце «Аргументы і факты».
Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў сітуацыю ў Беларусі і
канстытуцыйную рэформу, якую Аляксандр Лукашэнка абяцаў беларусам, але не
Пуціну.
— Усё, што адбываецца ў Беларусі, — гэта ўнутраная справа
Беларусі. Але мы ўсе хварэем сэрцам і душой за нашых беларускіх братоў, бо мы
сапраўды практычна адзін народ.
Вядома ж, Лукашэнка не мог нічога нікому абяцаць, акрамя як
беларусам. Але ён публічна заяўляў, што канстытуцыйная рэформа будзе мець
месца. Паколькі ён гэта заяўляў, ёсць пэўныя чаканні на гэты конт. Як у гэтым
сэнсе будзе развівацца сітуацыя — гэта ўнутранае пытанне Беларусі. Расія не
ўмешвалася і — пра гэта Пуцін неаднаразова казаў — не мае планаў умешвацца ва
ўнутраныя беларускія справы. Для нас галоўнае, каб у Беларусі абсалютна
дамінавала прыхільнасць ідэям Саюзнай дзяржавы і ідэя шматфактарнай блізкасці з
Расіяй.
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта таксама выказаўся з
нагоды інтэграцыі, адказваючы на пытанне, ці разглядаецца ўваходжанне Беларусі
ў склад Расіі.
— Ніхто, вядома, пра гэта не кажа, і нідзе гэта не напісана.
Ёсць саюзная дамова, дзе прапісана пэўная паслядоўнасць крокаў па паглыбленні
інтэграцыі. Ёсць набор дарожных карт — якія ўзгадняюць нашы кабінеты міністраў,
— далейшыя крокі па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пра аб'яднанне гаворкі не вядзецца. Але максімальна магчымая паглыбленая
інтэграцыя, мы перакананыя, была б у інтарэсах як расіян, так і беларусаў.
Паводле «НН».