Валерый Карбалевіч: Улада добра адчувае, што народ настроены супраць яе

«Дзяржаўныя мэдыя радасна абвясцілі, што ўлада здабыла вырашальную перамогу, бо вулічныя акцыі 25 і 27 сакавіка не адбыліся, усе апаненты пацярпелі паразу. Можна салютаваць, біць у барабаны і будаваць трыумфальную арку на дарозе ў Дразды», — піша Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».

242417ef_0020_47dc_a936_438e50e77328_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

«Аднак справа ў тым, што ўлады самі не вераць у гэтую перамогу, — адзначае палітычны аналітык. — Бо калі праціўнік пераможаны і дэмаралізаваны, то вайну трэба лічыць скончанай, можна расслабіцца і пераводзіць усё жыццё краіны на мірныя рэйкі. Аднак улады дзейнічаюць акурат наадварот.

Калі апаненты слабыя і ні на што не здатныя, то навошта было пераводзіць сталіцу ў Дзень Волі фактычна ў стан аблогі, уводзіць у горад вялізную колькасць сілавікоў і тэхнікі?

Пацешна выглядае наступны сюжэт. Улады голасна абвясцілі, што вулічныя акцыі не адбыліся. І адначасова з’явілася інфармацыя, што 25 сакавіка міліцыя затрымала 245 грамадзян за ўдзел у пратэсце, а 27 сакавіка — яшчэ 240 чалавек. Каго ж тады хапалі супрацоўнікі МУС, калі акцый не было?

Лукашэнка ў панядзелак 29 сакавіка правёў адмысловую нараду з сілавікамі і заклікаў працягваць барацьбу з "пратэстунамі", якіх, калі верыць афіцыйным паведамленням, ужо няма.

Дзяржаўныя мэдыя працягваюць зацятую крытыку, агрэсіўную рыторыку супраць нібыта "пераможаных" палітычных сіл. Рыхтуюцца "рэпрэсіўныя" законы, якія павінны крыміналізаваць любую апазіцыйную актыўнасць.

І зусім не выпадае гаварыць пра перамогу на міжнароднай арэне, дзе ізаляцыя Беларусі паглыбляецца. ЕС рыхтуе чацвёрты пакет санкцый. ЗША, як можна меркаваць, у красавіку здыме мараторый на эканамічныя санкцыі адносна беларускіх дзяржаўных кампаній. Працягваецца канфлікт з Міжнародным алімпійскім камітэтам. Беларусь адхілілі ад удзелу ў "Еўрабачанні".

То-бок улада застаецца ў стане перманентнага псіхалагічнага напружання. Яна добра адчувае, што народ настроены супраць яе.

Асаблівае ўражанне зрабіла на публіку інфармацыя пра тое, што рыхтуецца закон, паводле якога сілавікам і супрацоўнікам дзяржаўных СМІ могуць выдзеліць ахову і нават змяніць знешнасць. Ва ўсім свеце вядоўцы тэлеканалаў — самыя папулярныя людзі ў краіне, з імі на вуліцах хочуць рабіць сэлфі, просяць аўтографы. А вядоўцы беларускіх тэлеканалаў настолькі непапулярныя, што баяцца без аховы выйсці на вуліцу, яны ізгоі ў сваёй краіне.

І ўсё гэта мала падобна да перамогі. Як казаў дагестанскі паэт Расул Гамзатаў, "сяджу ў прэзідыуме, а шчасця няма".

Гэткая сітуацыя блакуе ўсялякія спробы будаваць нейкія далёкасяжныя пляны, стратэгіі. Калі ідзе барацьба за выжыванне, то пра перспектывы краіны няма часу думаць».