«Яны дзяржава, іх больш». BYPOL апублікаваў запіс, дзе нібыта міліцэйскі начальнік абмяркоўвае пратэсты

BYPOL апублікаваў, як сцвярджаецца, чарговы запіс размовы прадстаўніка міліцэйскага кіраўніцтва Мінска са сваімі падначаленымі, дзе абмяркоўваюцца пратэсты і дзеянні сілавікоў. Аўдыёзапіс размешчаны на YouTube-канале ініцыятывы.

zaderzhaniya_marsh_20200906_bur_tutby_phsl_50.jpg

Ініцыятыва BYPOL апублікавала, як сцвярджаецца, аўдыёзапіс нарады начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніка міліцыі Аляксандра Сазонава з падначаленымі, дзе ён абмяркоўвае пратэстныя акцыі і працу на іх супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Калі менавіта быў зроблены аўдыёзапіс, не паведамляецца, адзначае TUT.BY.

На запісе чалавек, якога BYPOL ідэнтыфікуе як Сазонава, кажа, што ў адным з ранніх сутыкненняў, якое адбылося ў Мінску каля Палаца спорту, першымі пачалі ўжываць сілу пратэстоўцы, а не супрацоўнікі міліцыі. Паводле яго слоў, менавіта гэта паслужыла прычынай таго, што была аддадзена каманда «хапаць усіх». У якасці прыкладу ён прыводзіць баявыя дзеянні на вайне, калі ў выніку іх могуць пацярпець мірныя жыхары. Чалавек на запісе кажа, што тактыка вядзення «рэвалюцыі» — збірацца невялікімі групамі, каб выматаць міліцыянтаў.

— На «Рызе», калі яны сабраліся там, іх пачалі ўсіх гасіць. Пасля гэтага разбегліся па дварах. Пачынаюць прачэсваць мясцовасць — хапалі па два, па тры. Пахапалі і нявінных. Выйшаў з крамы — схапілі. Нашы, кажуць, паехалі на Акрэсціна, бл..., распавядалі, ляжыць дзед, бл... І ў дзеда сумка, бл..., а ў сумцы штосьці варушыцца. Пытаюцца: «Дзед, што ты тут сядзіш, бл...?». Так, бл..., кажа, з рыбалкі ехаў, бл... А што ў цябе там варушыцца? Ляшчы, бл... яшчэ жывыя, кажа, яшчэ не здохлі. Гэта значыць, ну, трапляюць да такога маразму нават, — кажа, як сцвярджаецца, Аляксандр Сазонаў.

Ён ставіць пад сумнеў правільнасць працы «сістэмы адсейвання» і адзначае немагчымасць дакладна выкрыць у натоўпе «арганізатараў і куратараў». На яго думку, будавалі барыкады і актыўна процідзейнічалі праваахоўным органам людзі, якія «былі праплачаныя», а звычайныя грамадзяне ў асноўнай масе не ўдзельнічалі ў падобных дзеяннях, выказваючы пратэст мірна.

— Беларусы, вось глядзіце, па гэтых усіх акцыях яны ідуць радасныя, як на 1-е мая, б... Са сцяжочкамі, бл..., шарыкамі, апранутыя, губкі чырвоненькія нафарбаваныя, у белых сукенках. Гэта што, б...? Вось гэтыя, як казалі, там наркаманы, там і вось гэта адбросы нашы? Не! Гэта тыя людзі, якія, я ведаю проста такіх людзей, простых нават са свайго дома міліцыянтаў, якія выйшлі супраць гвалту, вось і ўсё. А на тых, якія, ты паглядзі, ёсць жа відэа канкрэтнае, дзе, б..., сядзяць два такія бычкі, б..., да іх падбягаюць, кажуць: слухай, вунь, давай хутчэй, чо сядзіце? Б..., падскочылі і пайшлі там, б..., перад амапаўцамі танцаваць. Гэта няпростыя людзі! — сцвярджае чалавек на запісе.

Іншыя людзі, якія ўдзельнічалі ў гутарцы, таксама выказвалі сваё меркаванне. Адзін з іх заявіў, што лічыць няправільным жорсткія дзеянні ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і прымяненне гвалту яшчэ да правядзення выбараў — менавіта гэта, з яго пункту гледжання, справакавала масавасць акцый. Чалавек, якога BYPOL ідэнтыфікуе як Аляксандра Сазонава, у цэлым згодны з суразмоўцам, аднак адзначае, што завадатары таксама знаходзіліся ў натоўпе звычайных грамадзян.

— Па-другое, зразумейце: хто іх затрымлівае? З вышуку так бы не білі б, так? З НОНа так бы не білі б, у нас не... Ну, мы не ўмеем так біць. АМАП — ён ведае, як затрымліваць, правільна? Вы ж заўсёды бераце АМАП, калі на затрыманне, як яны працуюць? — кажа нібыта Сазонаў.

— Таварыш палкоўнік, ніяк. Яны не ўмеюць працаваць. Мы ўсё жыццё бралі «Алмаз» — вось яны ўмеюць працаваць. А АМАП — толькі падысці, уе...ць у спіну з нагі і паржать, усё, — пярэчыць адзін з прысутных.

— Ну, вось неяк з «Альфай» затрымлівалі, там рэальна наогул. Яны рэальна зазямлілі, усё, няма ніякіх лішніх удараў, нічога, — паўтарае яму іншы ўдзельнік гутаркі.

Паводле слоў нібыта начальніка падраздзялення, у краіне на момант гутаркі дзейнічае «ўзмоцнены рэжым высокай небяспекі масавых беспарадкаў» — і сілавікі па ўсёй краіне працуюць, прымаючы гэта пад увагу. У тым ліку ён згадвае працу падчас пратэстаў сіл спецыяльных аперацый — ваеннага спецназа. Ён таксама каментуе паведамленні аб так званых цітушках — нефармальных фармаваннях, якія павінны ўжываць сілу ў пэўных сітуацыях. Паводле слоў, як мяркуецца, Аляксандра Сазонава, гэтыя людзі — «супрацоўнікі, прафесіяналы, байцы» — з 12 жніўня пачалі працаваць у шэрагах пратэстоўцаў і выяўляць арганізатараў і тых, хто дае каманды, а затым паказваць на іх АМАПу і прадстаўнікам сіл спецаперацый, якія гэтых людзей затрымлівалі. Таксама нібыта Сазонаў у дыялогу сцвярджае, што з 12 жніўня была дадзеная каманда ўжываць гвалт толькі ў адказ на жорсткія дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

— Таварыш палкоўнік, а каго-небудзь п...дзілі пасля 12-га чысла? — пытаецца адзін з прысутных.

— Ты маеш на ўвазе з боку мітынгоўцаў?

— Міліцыянтаў.

— Міліцыянтаў? Ніхто. А ведаеш чаму? Таму што апазіцыя вырашыла паказаць, што мы мірная, мы добрая. Нават давай назавём гэта не апазіцыяй...

— Гэта не апазіцыя. Якая апазіцыя? Гэта проста людзі!

— Мы мірныя, мы добрыя, мы ходзім на парад. Паглядзіце, нашы людзі за сабой прыбіраюць.

— Так, усё прыгожа.

— Яны адно аднаму дапамагаюць, ваду прывозяць. Яны ўсе ветлівыя, радасныя. Вырашылі паказаць што? Што ўлада — гэта чорнае. Гэта трэба гэта паказаць. Яны не кажуць пра барыкады, яны не кажуць, хто быў на барыкадах. Паглядзі — з іх боку пра барыкады няма ніякай згадкі.

— Таварыш палкоўнік, секунду. Іх больш, іх больш. Яны дзяржава, іх больш, — кажа ўдзельнік гутаркі.