Ушанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага: штогод — пратаколы і штрафы
Акцыя ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якая традыцыйна праходзіць у Свіслачы і Якушоўцы, гэтак жа традыцыйна завяршаецца складаннем пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэння на ўсіх удзельнікаў.
![Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by](/img/v1/userfiles/images/akcyja_u_svislaczy_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by
Прычым супрацоўнікі міліцыі не абцяжарваюць сябе прадстаўленнем якіх-небудзь істотных доказаў.
Так, 24 лістапада ў аддзяленне міліцыі быў выкліканы слонімскі актывіст Павел Севасьцян. Паводле пратакола, ён з’яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Аднак сам актывіст кажа, што яго не было ні на могілках, ні і ў складзе арганізаванай калоны, што прайшла да помніка Каліноўскаму, як гэта пазначылі міліцыянты, паколькі ён спазніўся на мерапрыемства.
Яшчэ большы абсурд учынілі супрацоўнікі міліцыі, якія склалі пратакол на актывіста з Ліды Валерыя Мінца. Ён увогуле 30 кастрычніка не быў у Свіслачы.
Гарадзенскаму актывісту Эдварду Дмухоўскаму міліцыя даслала адміністрацыйны пратакол па пошце. Яго вінавацяць у парушэнні ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ. Нібыта ён парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, удзельнічаў ў мітынгу ў Свіслачы.
Таксама па пошце атрымаў пратакол правапарушэння і грамадскі актывіст з Менску, вядомы бард Зміцер Захарэвіч. Позву з патрабаваннем з'явіцца ў Свіслацкі РАУС атрымаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Якукевіч.
“Гарадзенская Вясна” паведамляе аб тым, што пратаколы правапарушэння за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года складзены таксама на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка,і жыхара Слоніма Віктара Марчыка.
Раней, 18 лістапада, адбыўся першы суд па адміністрацыйнай справе за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года. старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін пастанавіў пакараць грамадскага актывіста Юры Глебіка штрафам у памеры 40 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства).
Традыцыя ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і Якушоўцы закладзеная больш за дзесяць гадоў таму. Ніводная акцыя за гэты час не прайшла без складання пратаколаў на яе ўдзельнікаў, тых, хто шануе сваю гісторыю і ганарыцца сапраўднымі героямі Беларусі.