«Усё як у баевіках. Пасадзілі ў ваенны джып і павезлі праз лес». Дзяніс Урбановіч — пра сваё затрыманне
26 жніўня ў Гомельскай вобласці затрымалі лідара незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара арганізацыі Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця. Апошняга адпусцілі ў той жа дзень, а Урбановіча і Трыгубава трымалі пад вартай да 29 жніўня.
— Затрымалі нас у Нароўлі. Мы ехалі з Мінска ў Тураў, Жыткавічы, Петрыкаў, а канчатковай кропкай значыўся Гомель, — распавёў Дзяніс Урбановіч «Салідарнасці». — У Нароўлі на аўтастанцыі нарэзалі сала, збіраліся паабедаць. У гэты момант пад'язджае такі ваенны джып «Land Rover Defender», выходзяць людзі і кажуць: «Мы з КДБ, да вас ёсць пытанні, праедзем з намі».
Нас завезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, там праверылі
пашпарты. Сяргея Мацкойця затрымліваюць, таму што ён знаходзіўся ў вышуку. А
нас з Трыгубавым чэкісты павезлі ў гатэль.
Мы за свае грошы здымаем нумар у гасцініцы. Толькі селі
нарэшце паабедаць, як стукаюцца супрацоўнікі КДБ і кажуць, што павінны нас
вывезці ў Мазыр. Тэлефоны не забіралі, нічога не забіралі — толькі пашпарты.
Ноччу нас грузяць усё ў той жа «Land Rover» і вязуць нейкімі лясамі
ў Мазыр. Усё гэта выглядала як у нейкім баевіку, але гэта не кіно — гэта
Беларусь-2021.
Пасялілі нас у гатэль «Прыпяць». Былі праблемы на
рэцэпцыі — быццам не было нумароў, але супрацоўнікі паказалі пасведчанні: «Тэрмінова засяліць». Нумар пасля гэтага адразу ж знайшоўся.
Калі Віталік выходзіў папаліць, то супрацоўнікі гатэля ў яго
пыталіся: «Вы што, вайскоўцы?» Патлумачылі сітуацыю, яны распавялі, што
супрацоўнікі КДБ прасілі за намі назіраць.
На наступны дзень у 12 гадзін павінны былі здаваць нумар.
Чую, па калідоры ідуць чалавек пяць, нават абцасы ў іх стукалі. «Вы
затрыманыя», — кажуць нам. Мяне хапаюць за рукі, выводзяць з памяшкання і
вязуць у мясцовае аддзяленне КДБ.
Там пытаюцца, што мы робім у Гомельскай вобласці. Пасля
гэтага яны пачынаюць чакаць указанняў з Мінска. Да мяне прыходзілі людзі з
відэакамерай, я сказаў, што нічога гаварыць не буду. На якую тэму прапаноўвалі
запісаць «кіно» — не ўяўляю.
Пасля гэтага прыехалі нейкія «архараўцы», якія не
захацелі прадстаўляцца, і завезлі нас у Следчы камітэт Мазыра.
Там заводзяць мяне ў адзін кабінет, Віталіка Трыгубава — у
іншы. У кабінеце сядзяць следчы і адвакат, мне апранаюць кайданкі і кажуць, што
я затрыманы ў рамках крымінальнага артыкула 342 за арганізацыю масавых
беспарадкаў у Мазыры 11 жніўня.
Я стаю ў шоку: якое 11 жніўня? У гэты час у мінулым годзе я
ўжо быў затрыманы ў Мінску. Мяне нават фізічна там быць не магло. Ды і ў Мазыры
я ўпершыню. Мне называлі нейкія Імёны, я нікога не ведаў, нічога не падпісваў.
Пасля допыту павезлі ў ізалятар на трое сутак.
Я ўпершыню сядзеў у такой камеры, дзе прыбіральня
знаходзіцца практычна там жа, дзе ты ясі — усё літаральна на адлегласці
выцягнутай рукі.
На наступны дзень зноў прыехалі чэкісты з Мінска, якія
цікавіліся, ці ведаю я Ціханоўскага, Статкевіча, «Малады фронт». Я нічога не
адказваў. Мяне чамусьці фоткалі ў камеры на свае тэлефоны, ледзь ударылі па
нагах. Сказалі, калі не буду з імі размаўляць, то будуць вялікія праблемы.
Кажу: «Ну добра, трэба будзе сядзець — будзем сядзець».
У нядзелю ўвечары мяне нечакана выводзяць з камеры і кажуць,
што я вызваляюся пад падпіску аб нявыездзе. У якім статусе знаходжуся — невядома.
Выйшлі з будынка — там чакаў супрацоўнік КДБ, які давёз нас
проста да маршруткі на Мінск.
Можа быць, уся гэтая эпапея была звязана з тым, што ў пятніцу
ў Петрыкаў прыязджаў Лукашэнка. У нас ёсць там ёсць актывісты-шахцёры. Дык вось, 30 жніўня сябра «Маладога фронту» Арсенія Чыжыка і яшчэ пару чалавек
звольнілі праз адміністрацыйны арышт у ліпені.
Я настройваўся на горшае, думаў, што адправяць у СІЗА ў Гомелі, але нас чамусьці адпусцілі.