Беларуса асудзілі за апраўданне расійскай агрэсіі
Ураджэнец Беларусі публікаваў у сацсетках матэрыялы, якія, на думку абвінавачання, апраўдвалі расійскую агрэсію супраць Украіны. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі да трох гадоў калоніі з адтэрміноўкай выканання на год. Адпаведнае рашэнне апублікавана ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэнняў Украіны.
Кіеўскі раённы суд горада Харкава 10 жніўня разгледзеў
справу пенсіянера, ураджэнца Ваўкавыска, які з'яўляецца грамадзянінам Украіны і
пражывае ў горадзе Дзергачы Харкаўскай вобласці. Яго абвінавацілі ў апраўданні
і адмаўленні ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны.
У лютым і сакавіку 2022 года ён размясціў некалькі публікацый
у сацсетках. У матэрыялах суда прыводзяцца прыклады такіх пастоў: «Увага
народ! Неанацысты ў Адэсе рыхтуюць нейкую гарачую правакацыю... Трэба любой
цаной сарваць іх планы, спыніць іх», матэрыял з выявай Благавешчанскага
сабора, герба рускай імперыі, з надпісам «Харкаў заснаваны па ўказе
рускага цара» і гэтак далей.
Ураджэнец Беларусі сваю віну прызнаў і заключыў дасудовае
пагадненне.
Суд прысудзіў яго да трох гадоў калоніі без канфіскацыі маёмасці з адтэрміноўкай на год. Калі на працягу года пенсіянер не зробіць новых правапарушэнняў і будзе выконваць патрабаванні (перыядычна адзначацца ў паліцыі, не мяняць месца жыхарства без папярэджання і не выязджаць за мяжу без дазволу), то яго не накіруюць у месцы пазбаўлення волі.
Паводле «З*ркала», пераклад НЧ.