Урад склаў спіс санкцыйных тавараў — забараніў «Шкоду» і «Нівею»
Першымі ў беларускі «чорны спіс» увайшлі фірмы, якія адмовіліся спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Мінску, — такое вось супадзенне, паведамляе «Еўрарадыё».
Урад Беларусі зацвердзіў спіс санкцыйных тавараў, якія забаронена ўвозіць у Беларусь. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №240 ад 23 красавіка 2021 года, паведамляе прэс-служба прэм'ер-міністра. Санкцыі тлумачацца неабходнасцю абароны нацыянальных інтарэсаў «з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа».
Па дзіўным супадзенні першымі ў беларускі "чорны спіс" увайшлі фірмы, якія адмовіліся спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Мінску.
«У пералік забароненых тавараў унесеныя тавары груп кампаній LIQUI MOLY, "ŠKODA AUTO" і "BEIERSDORF" (гандлёвыя маркі "NIVEA", "EUCERIN", "LA PRAIRIE", "LABELLO", "HANSAPLAST", "FLORENA", "8X4", "SKIN STORIES", "GAMMON", "TESA", "CHAUL", "COPPERTONE", "HIDROFUGAL", "STOP THE WATER WHILE USING ME")», — піша прэс-сакратар прэм'ера Аляксандра Ісаева.
Пры імпарце гэтых тавараў у Беларусь іх павінны будуць вывезці назад. Калі іх выявяць у продажы ў крамах, на рынках ці праз інтэрнэт, то прадаўцам забароняць іх рэалізацыю.
Пры гэтым грамадзянам можна будзе ўвозіць гэтыя тавары для асабістага карыстання. А ў выпадку з аўто — толькі зарэгістраваныя ў дзяржавах — чальцах Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама для транзіту праз тэрыторыю ЕАЭС.
Пастанова таксама вызначае парадак рэалізацыі рэштак забароненых тавараў, якія трапілі ў нашу краіну да пастановы.
Як паведамлялася раней, 30 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сваім указам №128 загадаў увесці санкцыі супраць тых тых вытворцаў і дзяржаў, якія прынялі санкцыі супраць Беларусі або далучыліся да іх.
Дарэчы, прадукцыю Nivea забаранілі ўвозіць і прадаваць у Беларусі яшчэ 10 дзён таму.