Урад Беларусі заклікалі спыніць дарожнае будаўніцтва на Альманскіх балотах
Міжнародная рабочая група па захаванні балот заклікае спыніць будаўніцтва дарогі на Альманскіх балотах. Рэзалюцыя пра гэта накіравана ў Мінпрыроды, Мінлясгас і МЗС Беларусі, а таксама ў сакратарыяты Рамсарскай і Бернскай канвенцый.
Міжнародная рабочая група па захаванні балот (IMCG) занепакоеная планамі будаўніцтва сістэмы дарог на Альманскіх балотах у Беларусі. Палескі лясгас ужо вядзе тут «лесавозную дарогу № 3», якая часткова пракладзеная па некранутым балоце, што прывядзе да парушэння гідрарэжыму і ландшафту гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу. У планах лясгаса пабудаваць яшчэ дарогі № 4 і № 5, якія канчаткова парэжуць Альманскія балоты — самую буйную трансмежную Рамсарскую тэрыторыю ў Еўропе, якая яшчэ захаала свой натуральны стан.
Рэзалюцыя аб спыненні будаўніцтва дарогі была прынята на 18-й Генеральнай асамблеі ў Утрэхце (Нідэрланды), якая праходзіць кожныя 2 гады. Удзельнікі Асамблеі прадстаўлялі 23 краіны шасці кантынентаў.
Кошт дарогі № 3 — каля 1 млн долараў. IMCG устрывожаная мэтазгоднасцю такіх інвестыцый. «Заяўленая мэта будаўніцтва сістэмы дарог — палегчыць доступ тэхнікі для барацьбы з пажарамі. Аднак пажары, як правіла, не нясуць сур'ёзнай пагрозы неасушаным тарфянікам, так як тарфяная глеба пастаянна затопленая вадой. Наадварот, эфект дамбы з аднаго боку дарогі можа прывесці да падзення ўзроўню вады з другога боку дарогі, што разам з павелічэннем даступнасці тэрыторыі для людзей і машын павялічвае, а зусім не памяншае рызыку пажараў», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Бульдозеры руйнуюць найвялікшы балотны комплекс Еўропы
Балотаведы і прыродаахоўнікі IMCG заклікаюць да перагляду планаў і спынення праекта. Яны гатовыя даць беларускаму ўраду свой вопыт і экспертныя веды для пошуку экалагічна адказнага рашэння. «Мы прапануем гэтую падтрымку як прызнанне міжнароднай важнасці Альманскіх балот», — заяўляецца ў рэзалюцыі.
Навукоўцы адзначылі ўнікальныя асаблівасці Альманскіх балот, з-за якіх гэты комплекс мае такую высокую міжнародную каштоўнасць.
Па-першае, гэта буйная прыродная тэрыторыя, што для Еўропы — вельмі вялікая рэдкасць. Буйны памер і недаступнасць дазваляюць захоўваць дзікую прыроду і біяразнастайнасці без прыцягнення вялікіх рэсурсаў.
Па-другое, унікальная разнастайнасць тыпаў балотаў фармуе найбольшы ў Еўропе комплекс нізінных, пераходных і верхавых балот, захаваных у іх натуральнай занальнасці. Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі асаблівай прыродаахоўнай значнасці Ізумруднай сеткі, выдзеленай у рамках Бернскай канвенцыі, якую наша краіна падпісала ў 2013 годзе.
Па-трэцяе, дзякуючы велічыні ахоўнага прыроднага комплексу тут пасяліліся вялікія групоўкі буйных відаў дзікіх жывёл: воўк, рысь, змяяяд, барадатая няясыць, вялікі арлец, якому пагражае глабальнае знікненне. Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі, важнай для птушак і біяразнастайнасці.
Якія яшчэ пагрозы ад будаўніцтва дарог на Альманах бачаць балотаведы?
Па-першае, дарогі спрасцят доступ людзей у месцы, якія раней былі цяжкадаступнымі, і палегчаць эксплуатацыю тарфянікаў.
Па-другое, дарогі будуць дзейнічаць як калідоры рассялення інвазіўных відаў раслін і жывёл.
Па-трэцяе, існуе верагоднасць таго, што дарогі зменяць мясцовыя эка-гідралагічныя ўмовы і вельмі негатыўна паўплываюць на экалагічную цэласнасць балотнага комплексу.
IMCG падкрэслівае, што найбуйнейшыя балотныя масівы, захаваныя ў натуральным стане, у любой частцы свету павінны быць захаваны як здабытак чалавецтва і каштоўныя прыродныя тэрыторыі. Гэта таксама важна для навуковых даследаванняў, у тым ліку па захаванню і аднаўленню балот, якія з-за неразумнага выкарыстання прыйшлі ў заняпад.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», упэўнены: «Альманскія балоты — унікальны па сваёй структуры і маштабу комплекс балот не толькі для Беларусі і Еўропы. Страціць іх лёгка, аднавіць — немагчыма. Калі ўрад не чуе нас, можа ён прыслухаецца да голасу спецыялістаў сусветнага ўзроўню, аб'яднаных у гэтай групе?».
Паводле прэс-рэлізу