Уніяты — чарговы вораг БПЦ
Калі ты не сочыш за палітыкай, палітыка будзе сачыць за табой. Прыкладна тое самае зараз адбываецца з грэка-каталікамі, якія, выглядае на тое, адным сваім існаваннем перашкаджаюць Беларускай праваслаўнай царкве.
Так ужо павялося, што пра існаванне ў Беларусі ўніятаў у СМІ часцей за ўсё ўспамінаюць дзякуючы не самім уніятам, а іншай канфесіі — непараўнальна больш масавай. Яе кіраўніцтва вельмі турбуюць любыя рухі цела ў лагеры канкурэнтаў — ды і што хаваць, сам факт іх існавання, піша Ян Бертановіч на «Свабодных навінах».
Гэта, увогуле, вытлумачальна. Бо ў нашым выдатным і справядлівым свеце ў праваслаўнага хрысціяніна папросту няма іншых клопатаў, як толькі прысутнасць на сваіх кананічных тэрыторыях іншых хрысціян, «авечак не нашага статка». Менавіта пра гэтую смяротную пагрозу ідзе гаворка ў камюніке, выпушчаным Сінадальным інфармацыйным аддзелам БПЦ МП пасля сустрэчы ўладыкі Веньяміна і мансеньёра Клаўдыё Гуджэроці.
Рызыкоўная ніша
Беларускую грэка-каталіцкую царкву нехта дагэтуль па інерцыі ўспрымае як праект палітычны. Што абсалютна беспадстаўна. Такія думкі могуць прыйсці ў галаву чыста з прычыны недасведчанасці, а яшчэ — незаўважнасці саміх спадчыннікаў уніі, якіх мала хто бачыў ужывую. Я вось сустракаў усяго парачку — добрыя, дарэчы, хлопцы
. Падазрэнні ў палітызаванасці БГКЦ былі хоць збольшага дарэчныя хіба што гадоў трыццаць таму — калі яна толькі пачала адраджацца пасля 150-гадовай забароны. Тады многія тэарэтыкі нацыянальнай ідэі (не асабліва, дарэчы, уцаркоўленыя) наракалі на адсутнасць нейкай «сваёй» канфесіі, незалежнай ад знешніх цэнтраў. Аднак грэка-каталікам, ніколі не распешчаным падтрымкай дзяржавы, гэтую нішу заняць не ўдалося. Так, мабыць, не вельмі і хацелі. Занадта яна рызыкоўная для вучняў Хрыстовых.
У выніку цяпер БГКЦ — гэта проста невялікі (прыкладна тузін парафій, колькасць вернікаў у кожным вымяраецца дзясяткамі) каталіцкі Касцёл візантыйскага абраду, дзе набажэнствы праводзяцца па-беларуску. Жыве ён сваім ціхім мірным жыццём, святары адпраўляюць літургіі, зусім нікому не замінаючы. Увогуле, як напісана, «мой храм называцца будзе домам малітвы...».
Ні кроплі нацыяналізму альбо наогул якой-небудзь палітызаванасці ў сацсетках БГКЦ я не выявіў. І ні намёку на экспансіянізм і празелітызм.
Без сумневу, кіраўніку самай буйной у Беларусі рэлігійнай арганізацыі рашуча няма чаго было абмяркоўваць з высокапастаўленым прадстаўніком Ватыкана, акрамя гэтага «малога статка». Чым жа ён заслужыў такую ўвагу?
Унясенне напружанасці
Яшчэ пару гадоў таму праваслаўнага ўладыку магла занепакоіць нават такая нявінная «актывізацыя прапаганды уніі», як стварэнне вэб-старонкі аднаго з прыходаў БГКЦ. «З боку Экзархата вядзецца маніторынг зместу сайта і параўнанне яго напаўнення з напаўненнем сайтаў іншых грэка-каталіцкіх парафій», — паведамляецца ў лісце Экзарха. Бо кожны чых нікчэмных уніятаў — гэта несумнеўны замах на кананічныя тэрыторыі.
Зараз падстава куды больш сур'ёзная, чым «ерэтычнае» бібліятэчнае мерапрыемства (яно таксама згадваецца ў лісце заклапочанага іерарха). 30 сакавіка гэтага года Папа Рымскі заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі. Гэта нешта падобнае да епархіі, але называецца па-іншаму. Такая форма практыкуецца, калі заснаваць епархію быццам трэба, але з тых ці іншых прычын не атрымліваецца. Пра нашы прычыны вы можаце здагадацца з першага разу: хтосьці вельмі супраць.
Увогуле, акт Святога Пасаду — гэта ўсяго толькі юрыдычнае афармленне таго, што ўжо існавала дэ-факта. Нейкая фармальнасць, наўрад ці актуальная для неазнаёмленых. Духоўны лідар БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек раней насіў тытул Апостальскага візітатара, а цяпер стаў Апостальскім адміністратарам. Ну і добра.
Для людзей, якія прыходзяць у царкву са сваімі экзістэнцыяльнымі запытаннямі (а такіх было і ёсць большасць), усё гэта значыць крыху больш чым нічога.
Але, з іншага боку... Якой павінна быць твая рэакцыя, калі сусед унёс змены ў статут сваёй фірмы, да якой ты ніякага дачынення не маеш? Зразумела, абурэнне. Цябе ж пра гэта не спыталі.
Вось і ў згаданым камюніке БПЦ сцвярджаецца, што рашэнне Папы «не спрыяе ўмацаванню міру на беларускай зямлі, але, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі».
Вось сволач, гэты сусед, праўда? Як не сорамна яму ўносіць напружанасць?
Камюніке змяшчае і неверагодна цікавы пасаж, які ўскосна дэманструе рэлігійнае раўнапраўе ў нашай канстытуцыйнай дзяржаве. Як высветлілася, падчас сустрэчы «была дасягнута дамоўленасць аб тым, што высвячаць новых святароў (або дыяканаў) для беларускіх суполак грэка-каталікоў у будучыні будуць біскупы лацінскага абраду». Уяўляеце, праваслаўны (sic!) іерарх на гэта пагадзіўся.
Перад тым, як прыняць у сваю фірму новых супрацоўнікаў, сусед павінен дасягнуць дамоўленасці са мной. З якога хранометра? Ды проста таму, што інакш я моцна пакрыўджуся, ясна? Вось хай і не распальвае.
Тры прычыны для турбот
Чым жа абумоўлена такая... абвостраная ўвага іерархаў дамінуючай канфесіі? Па-першае, думаю, дзіўнай інерцыяй мыслення, якая доўжыцца гадоў гэтак пяцьсот. Так, камусьці складана паверыць, што на двары ўжо не 1596 год, і не 1623-ці, калі барацьба ўніятаў і дэзунітаў дасягнула свайго апагею.
Але ж так шмат з той пары змянілася. Прычым справа не толькі ў рэлігійнай талерантнасці і раўнапраўі, якія стала нормай — у тым ліку і заканадаўчай.
Складана не звярнуць увагу на тое, што ў цяперашнім, дашчэнту секулярызаваным, грамадстве лінія падзелу радыкальна зрушылася. Цяпер яна праходзіць ужо не паміж канфесіямі, дагматыка якіх, будзем сумленнымі, адрозніваецца толькі ў дробязях. У прадстаўнікоў рашуча ўсіх канфесій паміж сабой куды больш агульнага, чым з тымі, хто ведаць не ведае пра гэтыя нюансы, ды і не хоча ведаць. Таму што заклапочаны выбарам не паміж цэрквамі, а паміж мабільнымі аператарамі і службамі дастаўкі піцы.
У той час калі працэнт практыкуючых вернікаў імкнецца да статыстычнай хібнасці, звяртаць на багаслоўскія нюансы пільную ўвагу неяк недарэчна. Затое з'яўляецца дадатковы стымул гаварыць пра галоўнае. Тое, што аб'ядноўвае.
Ды і выраз «наша кананічная тэрыторыя» ў плюралістычным і мультыкультурным свеце гучыць вельмі дзіўна. Рэлігійны светапогляд сёння ўсё менш залежыць ад тэрыторый і нават ад лакальных культурных традыцый, а ўсё больш — ад асабістых духоўных пошукаў. Красамоўны таму прыклад — выбітны адэпт рускага праваслаўя іераманах Серафім Роуз, чыстакроўны каліфарніец.
У нашы дні рэальнасць такая, што ў любым больш-менш буйным і свабодным горадзе свету можна знайсці рэлігійныя абшчыны самага рознага толку — у тым ліку і праваслаўныя. У абсалютнай большасці выпадкаў яны негістарычныя. Ну і што з таго?
Вядома, ёсць і другая прычына ўвагі да ўніятаў, куды больш прагматычная: міжкафесійная канкурэнцыя. Не варта нават тлумачыць, чаму іерархі Маскоўскага патрыярхата маюць усе падставы яе баяцца. Аднак узнікае пытанне: з якой нагоды асаблівая ўвага надаецца такой маленькай і бяскрыўднай канфесіі, як БГКЦ? Ёсць жа яшчэ пратэстанты, ёсць рыма-каталікі, і місіянерскую дзейнасць яны вядуць куды больш эфектыўна.
Мяркую, прычына тут у візантыйскім абрадзе, аднолькавым для праваслаўных і грэка-каталікоў. Абрад, гэты свайго роду «інтэрфейс» рэлігійнага пачуцця, заўсёды адыгрываў вялікую ролю для простых вернікаў. У тым жа XVI стагоддзі толькі інтэлектуалы ВКЛ казалі захлёбваючыся аб Філіёкве і іншых дагматычных тонкасцях. Народ просты сабе гэтым галаву не дурыў. Каб падштурхнуць віцебскіх або магілёўскіх мяшчан паўстаць супраць уніі, іх запэўнівалі, быццам супастаты будуць маліцца «як лаціняне». А святарам яшчэ і бароды збрыюць. Гэта рэзаніравала.
Вось таму зараз культывуюцца асцярогі, што, калі ў Мінску з'явяцца такія ж цэрквы, як праваслаўныя, але яны не будуць належаць да МП, многія будуць ставіць свечкі і свяціць паскі менавіта там. Пакуль гэта толькі фантомны страх перад будучыняй, аднак... ліквідаваць усякую пагрозу свайму дамінаванню ў нас прынята яшчэ на ўзлёце.
Нарэшце, рызыкну выказаць здагадку, што ёсць і трэцяя прычына — чыста псіхалагічная. З усіх пагроз мы, як правіла, выбіраем, па-першае, самыя бяскрыўдныя (грэка-каталікі дакладна нічым не адкажуць). А па-другое, менавіта знешнія, якія не прымушаюць нас праводзіць хваравітую рэвізію і мяняцца знутры. Так бывае і з людзьмі, і, на жаль, з царкоўнымі арганізацыямі.
Бо і вожыку насамрэч зразумела, што галоўную пагрозу дадзенай канфесіі ўяўляюць не ўніяты, не аўтакефалы, не геі і не таемныя інтрыгі бездухоўнага Захаду. Прычына ў іншым. Вышэй напісанае добра яе дэманструе. Бо калі просты чалавек бачыць у царкве не Божую праўду, а людскія хітрыкі, ён грукае дзвярыма. Няпраўды яму і без царквы хапае, навошта яшчэ дадаваць?