Улады не наважваюцца адзначаць Дзень горада ў Мінску

У другія выходныя верасня ў Мінску традыцыйна праходзяць святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня горада. Звычайна да яго рыхтуюцца загадзя: вывешваюцца сцягі і транспаранты, у інтэрнэце і СМІ з’яўляюцца афішы з праграмай свята. Але сёлета ўсё інакш.

miensk_22.jpg


У Мінгарвыканкаме не гавораць, будуць адзначаць Дзень горада мінчукі сёлета або не. «Крыху пазней, — кажа спецыяліст па пытаннях СМІ Алена Мохар. — Праграма цяпер абмяркоўваецца, але пакуль не зацвярджаецца. Давайце дачакаемся панядзелка».

А вось у адміністрацыях раёнаў з адказамі не цягнуць.

Святочныя мерапрыемствы ў Дзень горада на тэрыторыі паркавых зон праводзіцца не будуць, гавораць у Фрунзенскім раёне. Чаму? «Не запланаваныя».

У адміністрацыі Цэнтральнага раёна расказваюць, што свята ў парку Перамогі, як летась, не будзе. Праз эпідэміялагічную сітуацыю не запланаваныя таксама ніякія канцэрты пад адкрытым небам.

«У асноўным усе мерапрыемствы пройдуць на закрытых пляцоўках, — кажа начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Юрый Цаба. — Тэматычныя праекты будуць прадстаўлены ў літаратурным музеі Янкі Купалы і галерэі Савіцкага, у музеі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе выстава "Вайна вачыма франтавых мастакоў", таксама будуць арганізаваныя пляцоўкі ва ўстановах адукацыі. Найбольш яркія — у 16-й і 36-й гімназіях, для дзяцей і падлеткаў у Цэнтры пазашкольнай работы "Кантакт" пройдзе гісторыка-пазнавальная гульня».

Што да вулічнага гандлю ў раёне Палаца спорту або гістарычнага цэнтра, па словах суразмоўцы, падрабязнасці можна будзе ўдакладніць толькі ў Мінгарвыканкаме.

Ужо вядома, што 6-ы Мінскі паўмарафон, які па традыцыі праходзіць у гэтыя ж дні, адменены. Афіцыйная прычына: правядзенне мерапрыемства можа пагражаць здароўю і бяспецы ўдзельнікаў.

У апошнія выходныя жніўня салігорцы павінны былі адсвяткаваць два святы: Дзень горада і Дзень шахцёра. Мерапрыемствы таксама былі адмененыя пасля забастоўкі работнікаў «Беларуськалія». Кожныя выходныя мінчукі выходзяць на шматлюдныя мірныя маршы і патрабуюць правесці новыя сумленныя выбары.

«Эпідэміялагічная сітуацыя», якая раптам з’явілася (мы ж каранавірус перамаглі!), становіцца падставай адмяніць усе буйныя дзяржаўныя мерапрыемствы. Каб беларусы не прыходзілі на іх з бел-чырвона-белымі сцягамі?

Паводле Еўрарадыё