Украінскія следчыя не змаглі выявіць забойцаў Міхаіла Жызнеўскага
Усё, што ўдалося зрабіць, — гэта звузіць кола падазраваных.
Фота: 112.ua
Генеральная пракуратура не змагла вызначыць забойцаў Міхаіла Жызнеўскага, Рамана Сеніка і Сяргея Нігаяна, якія былі першымі ахвярамі сутыкненняў падчас вулічных пратэстаў у Кіеве.
"22 студзеня (2014 года - рэд.) былі забітыя Сяргей Нігаян, Міхаіл Жызнеўскі і Раман Сенік. На жаль, на дадзены час непасрэдна асобы, якія здзейснілі забойства, намі не вызначаныя", — заявіў на брыфінгу ў сераду начальнік упраўлення спецыяльных расследаванняў Галоўнага следчага ўпраўлення Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк.
Ён нагадаў, што забойствы былі здзейсненыя з адлегласці да 3 метраў, тады як бліжэйшыя праваахоўнікі знаходзіліся на адлегласці не менш 30-50 метраў.
"Гэта маглі быць пераапранутыя праваахоўнікі. У целах выяўлены шрот ад паляўнічай стрэльбы і кулі для спынення транспартных сродкаў, іх выкарыстоўвалі супрацоўнікі "Беркута", — прызнаў Гарбацюк.
Усё, што пакуль удалося следству, — гэта звузіць кола падазроных.
Нагадаем, 26-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі памёр ад агнястрэльных раненняў, атрыманых 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага. У той жа дзень быў забіты 20-гадовы Сяргей Нігаян. 46-гадовы Раман Сенік атрымаў раненне падчас нападу "Беркута" на Грушэўскага 22 студзеня. Памёр 25 студзеня ў кіеўскай бальніцы № 17.