Украінцы пачалі лічыць Беларусь варожай краінай
Колькасць украінцаў, якія лічаць Беларусь варожай дзяржавай, за год вырасла ў два разы.
Такія вынікі апытання, апублікаваныя Сацыялагічнай групай «Рэйтынг», піша thinktanks.by.
Даследаванне паказала, што 48% рэспандэнтаў згодныя са сцвярджэннем, што Беларусь — варожая для Украіны краіна. Прычым, за год гэты паказчык вырас з 22%.
Да ўзроўню Расіі яшчэ, аднак, далёка: яе лічаць варожай краінай 72 % апытаных украінцаў. Саюзнай краінай Расію лічаць 12% украінцаў. Аднак 56% рэспандэнтаў выступаюць за прамыя перамовы з Расіяй, бо гэта безальтэрнатыўнае рашэнне сітуацыі на Данбасе. Супраць такіх перамоваў 41%.
Найбуйнейшымі саюзнікамі Украіны апытаныя лічаць Канаду, Літву, Польшчу, Вялікабрытанію, ЗША, Турцыю.
Характэрна, што за апошні год адчувальна ў лепшы бок змянілася стаўленне да Турцыі і Вялікабрытаніі.
Даследаванне грамадскай думкі праходзіла з 6 па 8 снежня. 2500 паўналетніх жыхароў Украіны былі апытаныя метадам тэлефонных інтэрв'ю на аснове выпадковай выбаркі мабільных нумароў.
Паводле belmarket.by