Украіна ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю

Дзяржаўная памежная служба Украіны перайшла на ўзмоцнены варыянт нясення службы на мяжы з Беларуссю.

Фота dpsu.gov.ua

Фота dpsu.gov.ua


Гэта азначае, што колькасць нарадаў павялічылі, а таксама максімальна актывізавалі падраздзяленні для адсочвання сітуацыі ў памежных раёнах.

«Наогул гэтаму напрамку надаецца істотная ўвага. Улічваючы цеснае супрацоўніцтва гэтай краіны з Расіяй, асабліва ў кантэксце згадкі знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ», — патлумачыў «РБК-Украіна» спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка.

Паводле яго слоў, сітуацыя на мяжы застаецца спакойнай. Памежная служба працуе на гэтым напрамку сумесна з падраздзяленнямі Узброеных сіл. Пастаянна адсочваецца сітуацыя з сумеснымі ваеннымі вучэннямі, якія адбываюцца на беларускай тэрыторыі, а таксама працэсы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з РФ.

«На дадзены момант непасрэдна на лініі мяжы або побач з мяжой мы не фіксуем руху ваеннай тэхнікі або вялікай колькасці ваенных падраздзяленняў. Нестандартных сітуацый пакуль таксама не фіксавалася», — паведаміў спікер ведамства.

Не бачыць пакуль што пагрозы з боку Беларусі і камандуючы Аб’яднаных Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў. Паводле яго слоў, там ёсць расійскія войскі, але іх назапашвання не адбываецца.