Уцекачы на беларуска-польскай мяжы: жанчыны і дзеці начуюць пад адкрытым небам

Імправізаваны лагер уцекачоў у раёне прапускнога пункту на беларуска-польскай мяжы наведаў карэспандэнт «Белсата».

Фота www.svaboda.org

Фота www.svaboda.org


У аўторак тут сабраліся каля дзвюх соцень уцекачоў, якія ў адчаі патрабавалі, каб іх прапусцілі ў Польшчу. На наступны дзень раніцай на гэтым месцы здымачная група “Белсата” застала каля 80 асобаў, у асноўным жанчын з дзецьмі. У большасці гэта жыхары Чачні, якія некалькі месяцаў спрабуюць трапіць у Польшчу і атрымаць там прытулак.
Уцекачы падкрэсліваюць, што агулам трапіць у Польшчу хочуць каля 500 асобаў, беларускія памежнікі гавораць, што ў ваколіцах Брэста можа знаходзіцца да 2 тысяч асобаў з Паўночнага Каўказу.
Уцекачы вельмі неахвотна распавядаюць пра прычыны свайго выезду з родных мясцінаў. Адна з жанчын распавяла «Белсату», што нібыта пасля таго, як адна з уцякачак дала інтэрвʼю тэлежурналістам, у Чачні невядомы спалілі яе дом.


Большасць тых, хто цяпер знаходзіцца ў імправізаваным лагеры, хаваюць твары ад тэлекамеры.
Кожны з іх па некалькі разоў спрабаваў перайсці беларуска-польскую мяжу. Аднак польскія памежнікі скіроўваюць ўцекачоў назад, толькі адзінкі застаюцца ў Польшчы, каб далей прайсці праз працэдуру атрымання прытулку.
Уцекачы паказваюць свае пашпарты з дзясяткамі пячатак памежнікаў, якія сведчаць пра колькасць спробаў трапіць у Еўрасаюз.
belsat.eu