У Воршы ствараюць дабрачынны грамадcкі фонд для аднаўлення архітэктурнай спадчыны

Ідэя стварыць такі фонд выкліканая абыякавасцю ўладаў і гаспадароў да помніка архітэктуры 18 стагоддзя — будынка базыльянскага кляштару, які больш за 10 год стаіць бяз даху.



35fdb443_7492_469f_b86d_2b17b0227805_w640_r1_s_cx0_cy2_cw0.jpg

Гісторыя з гэтым напаўразбураным помнікам архітэктуры, які знаходзіцца ў самым цэнтры Воршы, набыла скандальны характар. Да яе маюць дачыненне і дзяржаўныя структуры — гэты гістарычны будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы, як сведчыць адмысловая шыльда, і кіраўніцтва праваслаўнай царквы — бо ў 2006 годзе архітэктурны помнік, ужо без даху, быў перададзены аршанскім гарвыканкамам ва ўласнасць Віцебскай епархіі БПЦ.

gdb.rferl.org__037e95c1_cc34_4_0990703dd4eb947bfd30d335d83b7a87.jpeg

Гаспадары пазначылі сваю прысутнасць — збудавалі драўляную цэркаўку

З таго часу справа з аднаўленнем будынка не зрушылася ні на крок: з Міністэрства культуры занепакоеным аршанцам адказалі, што ў будынка ёсць уласнік, і дзяржава не мае права выдаткоўваць сродкі на рэстаўрацыю «не сваёй» маёмасці. Звароты да архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і да патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі таксама не далі плёну: спачатку на звароты прыходзілі хаця б адпіскі з абяцаннямі, а самы апошні ліст з просьбай паўплываць на сітуацыю з помнікам віленскага барока так і застаўся без адказаў.

gdb.rferl.org__ca38a7ce_49c1_4_0bdece42ce7c7a861ac5a0b21f5044d3.jpeg

Фасадная сетка і загадкавая сіняя хатка ў двары

Сёння будынак стаіць без даху, з вокнамі, дзе-нідзе забітымі дошкамі, але з таго боку, які выходзіць на вуліцу Міру, сцены месцамі завешаныя фасаднай сеткай, мабыць, дзеля таго, каб стварыць уражанне нейкіх зрухаў у справе рэстаўрацыі. Аднак на справе зрухаў няма. Няма не тое, што рэстаўрацыйных працаў — гаспадары чарговы год не знайшлі магчымасцяў, каб зрабіць часовы дах, так званую кансервацыю будынку. Хаця ягоныя ўласнікі яшчэ два гады таму абвясцілі, што створаны адмысловы банкаўскі рахунак — каб людзі мэтанакіравана ахвяравалі грошы на аднаўленне менавіта гэтага архітэктурнага помніка.

gdb.rferl.org__6e7d1df7_dcb7_4_f98c1ea77815f879bee5daf63161c040.jpeg

Помнік ахоўваецца дзяржавай, а належыць праваслаўнай царкве

Ахвярадаўцаў было нямала, толькі ніхто не ведае, куды пайшлі ахвяраваныя грошы. Самага простага даху са звычайных дошак будынак не дачакаўся, затое ў двары з'явіўся дыхтоўны драўляны дамок, збудаваны гаспадарамі дзеля незразумелых мэтаў.

gdb.rferl.org__96cd1382_968f_4_30bc983baba8c5960d634db7f7bc9fe1.jpeg

Мікола Купава

Няма празрыстасці ў выкарыстанні сабраных сродкаў, кажа мастак Мікола Купава, ураджэнец Воршы, ініцыятар стварэння дабрачыннага фонду:

«Сродкі трэба збіраць самім, бо існуе недавер. Мне не аднойчы людзі казалі, што яны не давяраюць царкоўным збіральнікам. І мы не хочам, маўляў, аддаваць туды... Ну, дык давайце створым свой фонд, будзем самі збіраць і кантраляваць, што і куды пайшло. Бо цяпер адчуваецца, што гаспадарам гэта ўсё чужое, а мы хочам, каб яна служыла Беларусі, наша спадчына!»

Спадар Купава, абвясціўшы пра дабрачынны распродаж сваіх карцін, асабіста ахвяраваў цягам мінулых гадоў каля трох мільёнаў рублёў на аднаўленне будынку кляштару базыльянаў. Грошы пайшлі на рахунак, і пра тое, як распарадзілася сродкамі Віцебская епархія праваслаўнай царквы, гаспадары будынку ні разу не давалі справаздачы перад грамадзкасцю. Былі і іншыя ахвярадаўцы, аднак пра выкарыстанне сабраных сродкаў нічога не вядома, тым часам як будынак працягвае гібець.

gdb.rferl.org__03b5589b_3daf_4_4bba42dbde906f320667a93c97ec7abb.jpeg

Злева — частка сцяны царквы Апекі Маці Божай, якая засталася пасля знішчэння ў 1960-я

Аршанскія актывісты, краязнаўцы і неабыякавыя гараджане 26 лістапада правялі каардынацыйную сустрэчу, на якой было прынятае рашэнне пра неабходнасць заснавання дабрачыннага фонду. Мікола Купава распавёў пра мэты і перспектывы працы ў гэтым накірунку, прысутныя задалі шмат пытанняў. На некаторыя з іх можа адказаць толькі архітэктар Мікалай Лук’янчык, які яшчэ год таму зрабіў эскізны праект рэстаўрацыі базыльянскага кляштару. Таму было вырашана запрасіць яго на сустрэчу з аршанскай грамадcкасцю.

gdb.rferl.org__5eac48b8_21de_4_c90e3049c12f871215932a3b6df0db11.jpeg

Сустрэча заснавальнікаў фонду

gdb.rferl.org__1fcff738_34da_4_2848f498d172895b000ba72a874b28f1.jpeg

Аршанскі актывіст Юры Нагорны (злева) і Мікола Купава

Цяпер аршанскія актывісты раяцца, якую форму грамадскага ўтварэння найлепей заснаваць, каб мець магчымасць адкрыць уласны банкаўскі рахунак — дабрачынны фонд. Адна з прапанаваных назваў фонду — «Аршанскі замак». Назва пакуль «працоўная», яна можа змяніцца. Але ў будучыні фонд будзе дапамагаць аднаўленню не толькі будынку базыльянскага кляштару, але і іншых архітэктурных помнікаў, кажа спадар Купава:

«Задача, якую мы бачым перад сабой, яна значна шырэйшая, чымсьці клопат пра базыльянскі кляштар. Была і царква каля кляштара — ад яе застаўся толькі кавалак сценкі, якую не разбурылі, на наша шчасце. Гэта будзе мемарыяльная частка. А яшчэ ж ёсць у Воршы францішканскі касцёл, не скончаная праца ў езуіцкім касцёле. Не тое, каб мы збіраліся ўсё гэта ўзяць на сябе — мы будзем папулярызаваць аршанскую гістарычную спадчыну, у самых цяжкіх выпадках — настойваць на кансервацыі... І гэта не толькі ў Воршы — ва ўсім Аршанскім рэгіёне, дзе і іншыя помнікі ёсць».

gdb.rferl.org__d0e1fd23_4f20_4_84df583b386555b21fd031a87a5fdd5c.jpeg

Сцяна базыльянскага кляштару

www.svaboda.org