У Расіі разбіўся верталёт з чыноўнікамі
У Мурманскай вобласці разбіўся верталёт Мі-8. Паводле папярэдніх дадзеных, на борце знаходзіліся 19 чалавек — пяць чальцоў экіпажу і 14 пасажыраў. Два чалавекі выжылі, яны шпіталізаваныя. Лёс астатніх застаецца невядомым.
На борце пацярпелага крушэнне верталёта былі высокапастаўленыя чыноўнікі, у тым ліку намеснік губернатара Сяргей Скамарохаў, рэгіянальны міністр экалогіі Аляксей Смірноў ды іншыя.
Прычыны авіякатастрофы высвятляюцца. Вядома, што верталёт разваліўся на часткі, некаторыя з якіх былі выяўленыя ў вадзе. Інфармацыя аб авіякатастрофе паступіла толькі
ў 7.40 раніцы 1 чэрвеня.
У гэты момант у раёне крушэння вядуцца пошукі пацярпелых. Пошукі ўскладняюцца лясістай мясцовасцю і дрэнным надвор’ем — ноччу ў раёне
катастрофы ішоў дождж, цяпер на месцы катастрофы моцны туман. У пошуках задзейнічаныя 96 чалавек асабовага складу МНС і 18 адзінак тэхнікі. Авіяцыя
ў пошуках не задзейнічана з прычыны нездавальняючых умоваў надвор’я.