У Гродна жанчына адмовілася ад пашпарта з-за расійскамоўных штампаў

Гарадзенцы звяртаюцца ў Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі з патрабаваннем вярнуць беларускамоўныя штампы ў пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь.



biometric_passport_of_belarus.jpg

Апошнім часам службы, якія ў Гародні займаюцца афармленнем пашпартоў, пачалі выкарыстоўваць расейскамоўныя штампы аб прапісцы, рэгістрацыі шлюбаў і наяўнасці дзяцей замест беларускамоўных, што для многіх жыхароў горада з’яўляецца асабістай абразай.
— Я зараз мяняю пашпарт і вельмі здзівілася, пабачыўшы, што там стаяць расейскамоўныя штампы. Я адмовілася ад пашпарта. Што гэта такое! Я хачу, каб стаяў той самы беларускамоўны штамп. Беларуская мова для мяне мова асноўная. Я тут жыву, я павінна паважаць, я павінна яе ведаць. І тыя, хто прыязджаюць сюды жыць, таксама павінны ведаць, разумець і паважаць краіну. 
Ва ўпраўленні па грамадзянству і міграцыі Гарадзенскай вобласці патлумачылі, што расейскамоўныя штампы былі ўведзеныя замест беларускамоўных яшчэ некалькі гадоў таму. Афіцыйнага дакуманту аб замене беларускай мовы на расейскую з Міністэрства ўнутраных спраў не паступала.
Паводле "Радыё Рацыі"