У Гродна вынесли прысуд за пікет аб малым памежным руху

Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гродна Зінаіда Барцэвіч асудзіла прадстаўніцу Партыі БХД пенсіянерку Галіну Котаву да штрафу ў 25 базавых велічынь (два з паловай мільёны беларускіх рублёў).  



prysud1.jpg

Барцэвіч палічыла пенсіянерку вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння — правядзенні несанкцыянаванага пікету ў Румлёўскім парку. Суддзя не ўзяла пад увагу ні тое, што Котава адразу спыніла правядзенне пікету, калі зразумела, што ён не дазволены, ні памер пенсіі жанчыны, якая складае толькі адзін мільён семсот тысяч у месяц.

Разгляд справы пачаўся а 10-й гадзіне.

Нагадаем, што 2 сакавіка гарадзенскія сябры БХД імкнуліся правесці пікет у падтрымку малога памежнага руху з краінамі-суседкамі.

Заяўніца пікету пенсіянерка Галіна Котава памылкова зразумела, што пікет дазволілі правесці ў Румлёўскім парку. Калі акцыю збіраліся пачаць, з’явіліся людзі ў цывільным, якія пачалі здымаць прысутных у парку на відэа.

Як сцвярджае старшыня БХД па Гродзенскай вобласці Мікалай Баўсюк, гэтыя людзі не папярэдзілі афіцыйна, што пікет усё ж не дазволены. Калі гэта высветлілася, сябры БХД адразу разышліся, па-сутнасці пікет так і не пачаўся.

Аднак, пазней на заяўніцу пікету Галіну Котаву быў складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Паводле spring96.org