У Гомельскай вобласці гарыць лес
У Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці ўжо больш за суткі працягвае гарэць лес, агнём ахоплены 60 гектараў.
На месца пажару на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка прыбылі ратавальнікі, у паветра была паднятая авіяцыя: у выніку візуальнай ацэнкі атрымалася вызначыць што гарыць верхавой лес на тэрыторыі каля 60 гектараў у раёне былых населеных пунктаў Кажушкі і Ламачы. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС.
Ратавальнікі працягваюць змагацца з пажарам. Для маніторынгу і ацэнкі абстаноўкі задзейнічаны верталёт "Мі-2". Пагрозы населеным пунктам няма.
Ужо больш за 60 раёнаў закрытыя для наведвання лясоў. За парушэнне забароны на наведванне лясоў прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь (4,5 млн рублёў). Калі гэта пацягне знішчэнне або пашкоджанні лесу або тарфянікаў, то накладаецца штраф у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь (ад 4,5 да 9 млн рублёў). За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу да 12 базавых велічынь (2 160 000 рублёў).