У Гомелі ўшанавалі ахвяраў таталітарнага рэжыму

Крыж памяці ўсіх загінуўшых ад таталітарных рэжымаў у ХХ стагоддзі ўсталявалі сёння ўначы сябры гомельскай кааліцыі «Наша Альтэрнатыва» на месцы, дзе раней была турма НКУС. Побач з гэтым месцам адбываліся расстрэлы мірных жыхароў у сталінскія часы.



kryz.jpg

Андрусь Цянюта (Сустаршыня Маладога Фронту) распавёў:

«У ноч 29-30 лістапада 1937 года ў сутарэннях Менскай унутранай турмы НКУС былі расстраляны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Тады адначасова былі знішчаны лепшыя людзі Беларусі. Сёння рэпрэсіі носяць іншы характар -людзей кідаюць у турмы, выганяюць з працы, з навучальных устаноў. Але мэта у нашчадкаў Леніна — Сталіна не змянілася — знішчыць волю народа, гістарычную памяць, зрабіць рабамі імперыі, якая вось ужо напрацягу трох стагоддзяў пакаленнямі знішчае многія народы, якія яе насяляюць».


Зміцер Карашкоў, удзельнік мерапрыемства, адзначыў:

«Мы ўсталявалі гэты крыж у памяць тых, хто быў закатаваны злачыным таталітарным савецкім рэжымам. Яны былі забіты толькі за тое што, хацелі людзьмі звацца, карміць па-чалавечы сваіх дзяцей, апранаць нармальную вопратку і быць вольнымі. Вось за гэта іх і растралялі. Вынішчаўся народ-нацыя, такім чынам ствараўся гомосовецікус — раб».


Андрэй Папоў распавёў наступнае:

«Я праваслаўны хрысціянін і лічу абавязкам ушаноўваць памяць загінулых падчас савецкага тэрору. Гэта не па-хрысцьянску, не па-чалавечы «забываць» мінулае і ўсхваляць катаў, чым у сённяшні дзень і займаюцца некаторыя прадстаўнікі дзеючай улады. З 1917 па 1953 саветамі вялася крывавая вайна супраць народаў, уваходзячых у імперыю, — гэта злачынства, якое мусіць быць асуджана, інакш зло можа паўтарыцца».


spasemstranu.com