Больш за 5 тыс. аб'ектаў спадчыны Беларусі — у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў

Па стане на канец 2014 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі было ўключана 5 373 нерухомых аб'екты спадчыны — на 14,7 % больш у параўнанні з 2005 годам.



1182210_181331_16x185841.jpg

Сярод аб'ектаў, унесеных у спіс, 2 347 помнікаў археалогіі, 1 759 — архітэктуры, 1 192 — гісторыі, 60 - мастацтва, 11 — горадабудаўніцтва, а таксама 4 запаведных месцы.

Найбольшая колькасць нерухомых аб'ектаў спадчыны засяроджана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці — 1 070 адзінак, менш за ўсё ў Мінску — 380 адзінак, гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прымеркаваным да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў.

Акрамя таго, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэспублікі ўключаны 76 аб'ектаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў (гербы, фальклорныя традыцыі і іншыя), 78 аб'ектаў рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў (прадметы антыкварыяту, скарбы, кнігі, абразы, карціны і іншыя).

У ліку аб'ектаў, уключаных у пералік Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, — Нацыянальны парк "Белавежская пушча", замкавы комплекс "Мір" у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, трансгранічны аб'ект "Дуга Струве" і іншыя.