У Вільні пачынаецца Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
У літоўскую сталіцу прыехала каля 500 навукоўцаў з больш чым 20 краін свету.
На працягу трох дзён працы кангрэса будуць разглядацца пытанні, звязаныя з гісторыяй, эканомікай Беларусі і яе месцам у сучаснай геапалітыцы.
Кажа старшыня арганізацыйнага камітэта кангрэса, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:
— Наша мэта — забяспечыць камунікацыю паміж гэтымі людзьмі. Паляпшаць якасць даследаванняў, спрыяць паўставанню новых даследчых праектаў, грамадскіх праектаў. Сціраць мяжу паміж акадэмічнай і экспертнай супольнсцю, прыцягваць больш увагі медыяў да вынікаў даследаванняў Беларусі. Будаваць больш аргументаваны і больш зразумелы вобраз сучаснай Беларусі.
Падзеі і факты беларускага мінулага і сучаснасці часта міфалагізуюцца. Іх выкрыццё — важная місія кангрэса, дадае Андрэй Казакевіч:
— І ў акадэмічнай супольнасці беларускай, і за мяжой існуе дастаткова вялікая колькасць розных міфаў, недакладных разуменняў таго, што адбывалася і што адбываецца ў сучаснай Беларусі. Мы бачым адну з місій кангрэсу менавіта ў тым, каб гэтае разуменне Беларусі паляпшалася.
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ладзіцца восьмы раз, але ўпершыню адбываецца ў Вільні. Раней месцам яго правядзення былі Коўна і Варшава.
Ганна Комінч, racyja.com