У Віцебску ксёндз-байкер узначаліў мотапрабег па гарадскіх вуліцах

У Віцебску 14 траўня катэдральная парафія Езуса Міласэрнага і ДАІ зладзіла акцыю для матацыклістаў "З Богам па дарогах" — некалькі дзясяткаў байкераў на чале з пробашчам кс. Андрэем Аніскевічам праехалі па гарадскіх вуліцах ад гандлёвага цэнтра "Карона" практычна праз увесь Віцебск да катэдральнага касцёла.

aniskevich.jpg


На прыступках касцёла байкераў сустрэў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які дабраславіў іх на пачатак мотасезона і акрапіў асвечанай вадой. Чын асвячэння матацыклаў адбываўся пад спевы "Магутны Божа", "Авэ, Марыя", "Малітвы" Булата Акуджавы, — некаторыя з байкераў пачулі іх упершыню, паведамляе Радыё Ватыкана.
Пасля біскуп запрасіў матацыклістаў на гарбату, каб паразмаўляць пра панятак свабоды, якая не павінная абмяжоўваць свабоду іншых і пагражаць іх бяспецы.
Ксёндз Андрэй Аніскевіч — байкер з 23-гадовым досведам, на сваёй "Хондзе" ён ехаў разам з іншымі матацыклістамі, а пасля, апрануўшы сутану і арнат, узначаліў для іх Святую Імшу.
“Мы збіраемся разам з матацыклістамі, каб паказаць, падкрэсліць моцны фундамент, якім з’яўляецца Бог, што без Бога немагчыма жыць, немагчыма нічога. Таму збіраемся, каб пасвяціць нашыя матацыклы, каб паказаць, што мы адна сям’я, падтрымліваем адзін аднаго, з’яўляемся адказнымі за іншых людзей”, — кажа святар.
"Мяне запрасілі да ўдзелу ў акцыі, я пагадзіўся, бо мне захацелася падтрымаць байкерскі рух і ўбачыць нешта новае, у касцёле я да гэтага часу не быў ні разу. З ксяндзом Андрэем я пазнаёміўся нядаўна, ён запрасіў мяне да ўдзелу, я лічу, гэта нармальна, што ён кіроўца матацыкла, што ён байкер. А біскуп увогуле вельмі класны хлопец, малайчына, вельмі спадабаўся, такіх людзей мала на свеце", — кажа матацыкліст Зміцер Сарокін.
Ксёндз Андрэй Аніскевіч плануе на заканчэнне мотасезона зладзіць яшчэ больш масавае байкерскае мерапрыемства.
Паводле krynica.info