У Слуцку заменяць рускамоўны знак-указальнік на беларускамоўны
Рускамоўны знак-указальнік «р. Случь» у Слуцку паабяцалі неўзабаве замяніць на беларускамоўны.
Такі адказ на зварот атрымаў з УДАІ Мінаблвыканкама юрыст Ігар Случак, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы».
Зварот быў напісаны ў межах кампаніі «Беларускім вуліцам — шыльды па-беларуску».
Як паведаміў Ігар Случак, яго электронны зварот быў разгледжаны ва ўпраўленні ДАІ Мінскага аблвыканкама. Па выніках звароту на адрас КУП «Слуцкая ЖКГ» выдадзены загад на замену дарожнага знака 5.26.21 з выкананнем надпісу на беларускай мове.
«Можна толькі вітаць такое рашэнне абласной дарожнай аўтаінспекцыі, — гаворыць старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак. — З’явіцца яшчэ адна беларускамоўная шыльда — пасярод соцень рускамоўных».
Яна распавяла, што ў пачатку ліпеня 2019 года таксама напісала чарговы
зварот па праблеме засілля рускамоўных вулічных указальнікаў ў Слуцкі
райвыканкам. У пісьме да намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай
сферы і ідэалагічнай рабоце Наталлі Чарнушэвіч нагадала, што ў 2018 годзе ў Слуцкі
райвыканкам ужо быў накіраваны калектыўны зварот, які падпісалі больш за 630
жыхароў горада Слуцка. У звароце случчане прасілі прадубляваць рускамоўныя
назвы вуліц беларускамоўнымі.
Прайшоў ужо год, і хацелася б ведаць адказы на пытанні:
1. Чаму Слуцкі райвыканкам так супраціўляецца ўсталяванню беларускамоўных версій рускамоўных указальнікаў вуліц беларускага горада Слуцка?
2. Чаму ў райвыканкаме аддаюць перавагу толькі адной дзяржаўнай мове — рускай і такім чынам дыскрымінуюць беларускую дзяржаўную мову?
3. Чаму райвыканкам адмаўляецца вырашыць пытанне ў
інтарэсах соцень і тысяч гараджан?
У канцы ліпеня 2019 года ў адказ на гэтыя пытанні была атрымана чарговая адпіска з райвыканкаму, што «райвыканкам не адмаўляецца ад прапаноў, і яны будуць улічвацца ў далейшай рабоце».
Шкада, што вулічныя ўказальнікі не рэгулююцца дарожнай інспекцыяй. Таму грамадская актывістка мае намер звяртацца ў Мінскі аблвыканкам наконт беларусізацыі ўказальнікаў назваў слуцкіх вуліц.