У Мінску пройдзе Форум годнага даўгалецця

Форум адбудзецца 1-2 кастрычніка і збярэ каля 150 ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і шэрагу іншых краін.

forum_3.png

Арганізатарам форума з’яўляецца Кааліцыя «За годнае даўгалецце».

«Абмеркаваць ключавыя дзеянні, якія дапамогуць беларусам жыць і старэць годна, палепшыць супрацу паміж дзяржаўнымі, грамадскімі, акадэмічнымі, камерцыйнымі арганізацыямі, якія дбаюць пра якасць жыцця людзей розных пакаленняў, пра дыялог паміж пакаленнямі - менавіта гэта з’яўляецца галоўнымі мэтамі Форума», — кажа каардынатар кааліцыі Вітаўт Руднік.

На форуме будуць прэзентаваныя міжнародны досвед дзейнасці па забеспячэнні годнага даўгалецця, а таксама асноўныя палажэнні Нацыянальнай стратэгіі «Годнае даўгалецце — 2030».

Як гаворыцца ў праекце Стратэгіі, распрацоўка гэтага дакумента выклікана паскарэннем працэсаў дэмаграфічнага старэння насельніцтва, ўзнікненнем новых патрэбаў і магчымасцяў старэючага грамадства, а таксама неабходнасцю стварэння ўмоваў для рэалізацыі патэнцыялу сталых грамадзян краіны.

На пачатак 2019 г. колькасць сталых людзей (ва ўзросце 60 год і больш) складала амаль 23% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Удзельнікі Форума пазнаёмяцца з вынікамі даследаванняў, прысвечаных патрэбам сталых людзей, а таксама вобразу сталага чалавека ў грамадстве.

«Сталыя беларусы маюць патрэбу не толькі ў добрай пенсіі ды даступнай медыцыне. Многім з тых, каму сёння 55+, даводзіцца змагацца з пачуццём адзіноты (з-за страты блізкіх, ад’езду дзяцей, разрыву кантактаў з былымі калегамі па працы), з гвалтам з боку блізкага атачэння, стэрэатыпным успрыняццём старасці з боку грамадства. Вялікая колькасць сталых людзей хацела б развівацца, атрымліваць карысныя для жыцця ў сучаным грамадстве ўменні, быць запатрабаванымі іншымі людзьмі, але магчымасцей для гэтага ў краіне ўсё яшчэ недастаткова», — кажа Вітаўт Руднік.

Кааліцыя «За годнае даўгалецце» была створаная ў лістападзе 2018 года. Удзел у яе працы бяруць прадстаўнікі 8 некамерцыйных арганізацый, трох універсітэтаў трэцяга веку, а таксама шэраг экспертаў, якія займаюцца рознымі накірункамі працы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей і забеспячэння роўных магчымасцяў для людзей усіх узростаў.

Сябры кааліцыі бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі «Годнае даўгалецце 2030», арганізавалі ў чэрвені бягучага года першую беларускую Акадэмію Лідэраў Залатога Веку, ствараюць зараз інтэрактыўную мапу арганізацый, якія працуюць на карысць сталых людзей.

Падрабязней пра Кааліцыю можна даведацца тутhttp://coalition-aging.by/

Чакаецца, што ўдзел у Форуме годнага даўгалецця возьме каля 150 чалавек з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстану, Кыргызстану, Украіны. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, камерцыйных і акадэмічных арганізацый, эксперты ў галіне старэння насельніцтва, актыўныя сталыя людзі.

Форум адбудзецца 1-2 кастрычніка 2019 г.

Месца правядзення форуму: «Дыпсэрвіс Хол» (Мінск, зав. Вайсковы, 4)

Арганізатары Форума:

●      Кааліцыя «За годнае даўгалецце»

●    Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне» (Мінск)

●    Грамадскае аб’яднанне «Трэці сектар» (Гродна)

●    Установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» (Гродна)

●    Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў» (Мінск)

●    Грамадскае дабрачыннае габрэйскае аб’яднанне «Хэсэд-Рахамім» (Мінск)

●      Рэспубліканскі геранталагічны цэнтр (актыўнага даўгалецця)

●      Навукова-даследчы інстытут Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва

 

Партнёры Форума:

●      Цэнтр актыўнага даўгалецця

 

Форум ладзіцца пры падтрымцы:

●      Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі

●      Прадстаўніцтва ЮНФПА ў Беларусі

●      Фонда “Памяць, адказнасць і будучыня” (Германія)

Дадатковая інфармацыя:

Вітаўт Руднік, каардынатар кааліцыі “За годнае даўгалецце”

Тэл. +375 29 288 47 00