У Мінску на прыпынках з'явіліся плакаты з выявай Лукашэнкі пад бел-чырвона-белым сцягам
9 траўня сёлета адзначаецца афіцыйны дзень сцяга і герба, які традыцыйна адзначаецца ў другую нядзелю мая. У Мінску на прыпынках сёння з'явіліся плакаты з выявай Лукашэнкі, які прыносіць прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам.
Лукашэнка прыйшоў да ўлады, калі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і старадаўні герб «Пагоня» былі дзяржаўнымі, і першую прысягу ён прымаў менавіта пад гэтымі сімваламі. Але ад 1995 года замяніў БЧБ на распрацаваныя ў савецкай стылістыцы сімвалы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, толькі без сярпа і молата, піша «Наша Ніва».
Ад 2020 года за нацыянальную сімволіку сталі моцна пераследаваць. Гэта пачалася пасля таго як яна стала выкарыстоўвацца на пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і насілля. За налепку з «Пагоняй» на машыне, за бела-чырвона-белыя сцяжынкі на балконе і нават за бела-чырвоныя шкарпэткі сталі караць арыштамі на доўгі тэрмін і вялізнымі штрафамі. Суддзі і міліцыя рэзка пачалі інтэрпрэтаваць гэта як несанкцыянаванае пікетаванне, хоць раней гэта ніколі пікетаваннем не лічылася.
У такім кантэксце плакаты з Аляксандрам Лукашэнкам уяўляюць сабою форму пратэсту і аўтару таксама можа пагражаць пакаранне.