У мінскай гімназіі №4 з незадаволеных ляцяць галовы, бацькі пратэстуюць супраць русіфікацыі
Нядаўна скульптар Гэнік Лойка судзіўся з дырэктарам гімназіі праз тое, што настаўнікі фізкультуры не ведаюць роднай мовы. Калі Алена Лазоўская, што выкладае ў школе чэшскую мову, вырашыла заступіцца за спадара Лойку, яе паставілі перад фактам: «Вы звольненыя».
Вось ужо мінуў цэлы навучальны год, як гімназіяй кіруе
Андрэй Гоцман. Калі ён толькі сеў у дырэктарскае крэсла, якое да яго займаў
карупцыянер Юрый Бандарэнка, што трапіў у турму за хабар, настаўнікі і бацькі цешыліся:
нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай. Сёння многія з іх думаюць іначай.
Алена Лазоўская працуе тут ужо тры гады, з таго часу, як прывяла ў першы клас гімназіі дачку. Жанчына кажа, што наконт беларускамоўнасці настаўнікаў не раз узнікалі пытанні.
«Калі маё дзіця пайшло ў першы клас, да нас прыйшла настаўніца, якая мовай не валодала зусім. На бацькоўскім сходзе яна па-беларуску зачытала з паперкі штосьці пра сябе хвілінкі на тры, а далей перайшла на рускую мову. Потым, праўда, бацькі ўзяліся за праблему, і настаўніцу памянялі, — прыгадвае Алена. — У нас у гімназіі так: хто ведае мову — той вядзе па-беларуску, хто не ведае, напрыклад, настаўнік фізікі ці матэматыкі, — па-руску. Са званком большасць настаўнікаў тут жа пераходзіць на рускую мову. Ведаеце, у мяне дзеці размаўлялі па-беларуску, пакуль не прыйшлі ў беларускамоўную гімназію. А прыйшлі — усё, цяпер толькі з роднымі размаўляюць».
Алена тлумачыць, што проста не можа маўчаць. Яшчэ ў лютым, калі ў школе была педагагічная нарада, яна звярнулася да калег з заклікам захоўваць беларушчыну.
«На той нарадзе быў і Гэнік Лойка, але яму слова амаль не далі. Я не вытрымала, устала і сказала: «Паслухайце, узгадайце сербалужыцкі народ і сербалужыцкую мову. Што ад іх засталося? Кніга рэцэптаў. Няўжо і ад нас толькі кніга застанецца? Для чаго мы сабраліся менавіта ў гэтай школе? Няўжо для таго, каб паказаць, як ісці па шляху найменшага супраціву, паказаць, як жыць лягчэй?
Мы папросту вучым дзяцей быць прыстасаванцамі. Вы можаце
ўявіць сабе карціну, што ў Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Англіі, Польшчы, Латвіі са
званком настаўнік раптам пераходзіць на іншую мову? Не. Дык чаму такі абсурд у
нас?» — даводзіць настаўніца. — Пасля гэтага дырэктар стаў мяне выклікаць да
сябе і казаць, каб мяняла паводзіны, бо адарвалася ад калектыву».
Алена дадае, што калі спадар Лойка падаў на дырэктара ў суд праз настаўнікаў фізкультуры, яе зноў выклікалі на размову.
«Дырэктар сказаў, што збірае на Гэніка пакет дакументаў, каб праверылі яго псіхічны стан. Тады я і зразумела, што трэба дзейнічаць», — распавядае жанчына.
Два тыдні таму Алена склала ліст і пачала збіраць пад ім подпісы настаўнікаў і бацькоў.
«Мы, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска, просім спыніць выгнанне і фактычна вынішчэнне беларускай мовы, якое адбываецца ў сценах нашай гімназіі. Гімназія №4 — адзіная на ўвесь Фрунзенскі раён беларускамоўная школа са статусам гімназіі. І мы, бацькі, свядома прывялі нашых дзяцей менавіта ў гэтую навучальную ўстанову, каб яны атрымлівалі веды на роднай мове.
Для нас вельмі важна, каб працэс навучання, выхавання і зносін настаўнікаў з вучнямі і іх бацькамі адбываўся на роднай — беларускай мове. Гэта значыць, што мова павінна гучаць падчас урокаў, факультатываў, на перапынках, у сталовай, гардэробе, падчас наведвання вучнямі гарадскіх мерапрыемстваў, тэатраў і кінатэатраў, экскурсій, паходаў, у групе падоўжанага дня і гэтак далей. Бацькоўскія сходы таксама маюць весціся на роднай мове.
У нашай школе са званком настаўнікі раптам забываюцца на свой абавязак і стасуюцца з вучнямі на рускай мове, а некаторыя нават выкладаюць свае прадметы па-руску. Яны парушаюць права вучняў набываць адукацыю на роднай мове. У нашай гімназіі, такім чынам, парушаецца закон нашай краіны.
Мы, бацькі, зыходзячы з інтарэсаў нашых дзяцей, просім ад настаўнікаў выкладаць свае прадметы на беларускай мове і не забывацца пра свае абавязкі адразу пасля званка. Мы ім даверылі нашых дзяцей, а яны ім падаюць прыклад двудушнасці, абыякавасці да сваёй мовы.
З павагай, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска».
Алена распавядае, што калі кіраўніцтва дазналася пра збор подпісаў, дырэктар патэлефанаваў ёй і паведаміў пра звальненне. Пасля гэтага іншыя настаўнікі адмовіліся падпісвацца, бо страціць працу ніхто не гатовы. Ды і бацькі таксама баяцца, толькі не за сябе, а за дзяцей. Пакуль што падпісаліся ўсяго 17 чалавек.
«Калі мы дамагаліся, каб нам далі беларускамоўную настаўніцу малодшых класаў, ён сказаў адной маці: «Не рыпайцеся, бо вам яшчэ ў гімназію паступаць, а мы ўсе коды ведаем», — кажа Алена.
— Мамы, якія падпісваліся пад лістом, казалі, што таксама баяцца. Мы ўсе баімся, каб ён дзяцей нашых не пазабіраў. Можаце сабе ўявіць? Гэта ж не 1930-я гады! У XXI стагоддзі мы баімся, каб у нас, нармальных адэкватных мам, не забралі дзяцей. Ды хто? Дырэктар школы».
Хоць Алена ўжо страціла месца ў гімназіі і дапрацоўвае апошнія дні, тут працягваюць вучыцца яе двое дзяцей, таму ёй усё адно ёсць за што перажываць. Яна кажа, бацькоў хвалюе, што цяпер кіраўніцтва гімназіі ўзялося перарабляць Статут, а пра тое, якія праўкі будуць унесеныя, ніхто не гаворыць.
«Раней мы былі нацыянальнай гімназіяй, але цяпер мы ўжо не нацыянальная. Потым мы сталі гімназіяй з беларускай мовай навучання, але гэта таксама цяпер пад пытаннем. Статут могуць змяніць так, што мы станем школай з рускай і беларускай мовай навучання. Альбо — з рускай, дзе асобныя прадметы будуць выкладацца на беларускай мове. Ці ўвогуле створаць па адным класе ў кожнай паралелі для такіх, як мы, і ўсё.
Мы хвалюемся за лёс Статута і ўвогуле лёс гімназіі. Мы запужаныя. У нашай школе стаў панаваць страх. Былы дырэктар вёў тую ж самую палітыку, але страху не было», — кажа Алена.
У гімназіі №4 вучацца двое дзяцей Вольгі Вашкевіч. Дачка заканчвае сёмы клас, сын — трэці.
«Мы ішлі ў гімназію толькі дзеля беларускай мовы. Яе і так там 50%, а калі ўвогуле нічога не будзе… Мы бачым, што цяпер адбываецца ў гімназіі, і разумеем, што нам няма чаго тут рабіць. Наша старэйшая дачка заканчвае сёмы клас, і мы спрабуем паступіць у ліцэй імя Якуба Коласа. У школе застаецца сын, — распавядае Вольга.
— Я сама беларускую мову дасканала не ведаю, бо няма з кім яе вывучаць. Мы — дзеці тых часоў, калі нічога беларускага не было. Нашы бацькі мовы не ведалі, не размаўлялі на ёй, таму вучымся самі. Але ж мы хацелі з дзецьмі, хацелі, каб яны адразу пачалі ўбіраць гэта ўсё ў сябе. Таму наша дачка і сыходзіць, бо ў гімназіі праблемы не толькі з мовай, але і з настаўнікамі. Падабраная такая каманда, якая будзе слухацца, будзе рабіць тое, што скажуць. У выніку найлепшыя проста бягуць. У нашай дачкі за сем гадоў змяніліся шэсць класных кіраўнікоў. І яшчэ ўсё патрабуюць грошы: на рамонты, на настаўнікаў, на адно, на другое».
Сын вядомага мастака Уладзіміра Вішнеўскага заканчвае другі клас гімназіі.
«Настаўнікі працуюць як быццам пад прымусам, таму што за межамі класа яны не размаўляюць на беларускай мове. А некаторыя выкладчыкі не размаўляюць увогуле на беларускай мове. Напрыклад, настаўніца хору размаўляе толькі на рускай мове, і песні дзеці спяваюць па-руску, — кажа спадар Вішнеўскі. — Я працую ў Акадэміі мастацтваў, таму пакідаю дзіця ў групе падоўжанага дня. Там настаўніца таксама размаўляе на рускай мове, хоць і ведае беларускую. І дзеці паміж сабой размаўляюць больш па-руску».
Некаторыя бацькі, з якімі мы пагутарылі, пажадалі, каб іх імя не прагучала. Аднак яны пацвердзілі гэтыя факты.
Мы патэлефанавалі дырэктару гімназіі №4 Андрэю Гоцману, каб высветліць яго пазіцыю, аднак ён не змог з намі пагутарыць, патлумачыўшы, што ў яго прыёмны дзень. Мы абавязкова звернемся па каментар пазней.
Паводле Нашай Нівы