Актывісты Малінаўкі збіраюць подпісы супраць «небяпечнай аркі»

Пасля таго, як 21 траўня машына збіла хлопчыка на ровары, праязджаючы праз арку, экс-кандыдат у дэпутаты пачаў кампанію за абмежаванне праезду ў двор.

''Небяспечная арка''

''Небяспечная арка''


Будынак па вуліцы Рафіева, 78 — адзін з найдаўжэйшых жылых дамоў у Мінску. Яго даўжыня 520 м, ён месціць у сабе больш за 800 кватэраў. Пры гэтым, у будынку ўсяго адна аўтамабільная арка, якая абслугоўвае яшчэ і жыхароў бліжэйшых дамоў №  80, 82, 84 ды 86 (смела можна дадаваць яшчэ 450 кватэраў): па-іншаму да іх не праехаць. Такім чынам, аўтамабільны рух праз браму няспынны, шмат хто з кіроўцаў, пры гэтым, парушае хуткасны рэжым.

Ажыўлены рух у двары на Рафіева, 78

Ажыўлены рух у двары на Рафіева, 78


Для жыхароў дому гэта стварае шэраг праблемаў. Па-першае, парушэнне шумавога рэжыму. Па-другое — выпадкі траўматызму. Аварыя, якая адбылася 21 траўня, калі аўто збіла хлопчыка, далёка не першая, паводле сведчанняў жыхароў. У зону рызыкі, нажаль, трапляюць найперш дзеці.

Юрась Меляшкевіч падчас збору подпісаў

Юрась Меляшкевіч падчас збору подпісаў


Жыхары пісалі звароты да мясцовых уладаў і раней, кожны раз атрымліваючы адказ, маўляў, змяняць нешта “немэтазгодна”. Апошні зварот восем год таму ініцыяваў Юрась Меляшкевіч, які балатаваўся па 100-й акрузе падчас парламенцкіх выбараў. Бацькі Юрася жывуць у тым самым даўжэзным доме, сюды ж да дзядулі з бабуляй прыязджаюць ягоныя дзеці.

Праект аб'езду на паперы

Праект аб'езду на паперы


Ці ёсць план вырашэння праблемы? Паводле Меляшкевіча, ёсць. Трэба забяспечыць дадатковы транспартны праезд для рэшты дамоў, якія карыстаюцца брамай, каб знізіць тут паток машынаў. Варыянтам такога “калідору” можа быць тратуарная пешаходная дарожка побач, якая пасля невялічкага пашырэння і рэканструкцыі зможа прапускаць як машыны, так і пешаходаў. У звароце таксама ідзецца пра гукаізаляцую ў арцы да адпаведныя дарожныя знакі на ў’ездзе.

Вось тут і можна зрабіць аб'езд

Вось тут і можна зрабіць аб'езд


Гэта ўжо трэцяя кампанія па гэтай праблеме, — распавядае Меляшкевіч, — Першы раз жыхары звярталіся ў 1990-я, пасля ў 2009-м, ну і вось зараз, пасля трагічнага выпадку з хлопчыкам. Дагэтуль улады заставаліся глухімі да просьбаў людзей. Сёння мы маем нагоду паглядзець, ці здольныя чыноўнікі весці дыялог з грамадствам хаця б па надзённых пытаннях.

juras_meljaszkevicz_logo.jpg


Большасць жыхароў ведаюць пра гісторыю са збітым хлопчыкам ды ў курсе сітуацыі з “небяспечнай брамай”. Таму і подпісы ставяць актыўна, наракаючы адно, што такімі пытаннямі меўся б займацца абраны імі дэпутат… Актывісты падчас збору дэманструюць варыянт новага праезду, удакладняючы, што канчатковае рашэнне варта было б вынесці падчас грамадскіх слуханняў з удзелам жыхароў дому. Меляшкевіч плануе сабраць як мінімум 100 подпісаў, з якімі пойдзе на прыём у адміністрацыю Маскоўскага раёна.