«У мэтах бяспекі». ЦВК засакрэціў спісы чальцоў выбарчых камісій, якія будууь працаваць на рэферэндуме
Цэнтрвыбаркам засакрэціў спісы чальцоў выбарчых камісій, гэта зрабілі «ў мэтах бяспекі». Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на польскі тэлеканал, які спецыялізуецца на навінах для Беларусі.
Інфармацыяй пра рашэнне ЦВК з журналістамі падзялілася
жыхарка Мінска Любоў Кавальчук. Яна
паспрабавала даведацца, хто будзе працаваць у камісіі на яе ўчастку падчас
рэферэндуму. Для пачатку яна звярнулася ў Першамайскую раённую камісію, але там
ёй не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Тады яна
патэлефанавала на гарачую лінію ЦВК. Там ёй пацвердзілі, што арт. 34 Выбарчага
кодэкса РБ ніхто не адмяняў. Згодна з гэтым артыкулам, імёны ўсіх членаў
выбарчых камісій павінны быць апублікаваныя. Аднак гэтым разам, паводле слоў
прадстаўніка Цэнтрвыбаркама, «у мэтах бяспекі чальцоў выбарчых камісій
прынятае рашэнне не публікаваць іх персанальныя дадзеныя». У ЦВК гэта
тлумачаць тым, што чальцам камісій «паступалі пагрозы».
Любоў
Кавальчук паспрабавала таксама ўдакладніць, хто прыняў рашэнне не публікаваць
спісы членаў выбарчых камісію. Ёй адказалі, што гэта было «калегіяльнае
рашэнне» дзяржаўных органаў. Але якія менавіта органы вырашылі засакрэціць
спісы, жанчыне казаць адмовіліся.
Раней чальцы ўчастковых выбарчых камісій зладзілі ў сетцы флэшмоб "#мынебоимся". Яны казалі, што ім паступаюць лісты з пагрозамі. Пазней стала вядома, што ў гэтых лістах маглі быць заклікі не парушаць закон, а таксама пералічаныя артыкулы і адказнасць, якая можа наступіць за парушэнне закона.