У Магілёве адправілі ў калонію прафесара за крытычны артыкул у навуковым часопісе
Доктара навук з Магілёва палітвязня Юрыя Бубнова адправілі за краты на два гады. Усё з-за артыкула ў навуковым часопісе. Падрабязнасці суда над прафесарам прыводзіць тэлеграм-канал M*YDAY.TEAM.
Суд Кастрычніцкага раёна 26 траўня прысудзіў вядомага
магілёўскага навукоўца, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў
калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аксана Зарычнюк прызнала яго вінаватым у
паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (арт. 367 КК РБ). Бубнова таксама
абвінавачвалі і ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ), аднак гэтае абвінавачанне
знялі ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.
Падставай для крымінальнага пераследу прафесара стаў
артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Моладзевая галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў
разважаў пра тое, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы
пазіцыю як прыхільнікаў пераменаў, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.
У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «пратэстоўцаў у Беларусі ў 2020 годзе аб'яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або
рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка». Варта пры гэтым
адзначыць, што ў электронным варыянце артыкул нідзе недаступны, нават у
PDF-фармаце. Сілавікам трэба было вельмі пастарацца, каб знайсці яго.
Цікава, што паводле ацэнкі калегі Юрыя Бубнова, дацэнта БДУ Ігара
Пушкіна, які выступіў у якасці сведкі на судовым пасяджэнні, такое «публікаваць
было нельга» і ён сам «асудзіў факт публікацыі гэтага артыкула».
Бубнаў ад свайго артыкула не адхрысціўся.
«Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка павінна адлюстроўваць аб'ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе. Як сацыёлаг, я заўсёды стараўся непрадузята адлюстроўваць тое, што адбываецца ў грамадстве. У гэтым артыкуле — не маё меркаванне. Я не баюся выказаць сваё меркаванне. У гэтым артыкуле выказана грамадская думка. Мяне абвінавачваюць у паклёпе? Але ў крымінальнай справе не прыведзена ніводнага факту выдумак», — заявіў у апошнім слове прафесар.
Сваю віну Юрый Бубноў не прызнаў. Дзяржабвінавачанне
запытала для навукоўца 2 гады пазбаўлення волі —столькі ж суд яму і прызначыў.
Юрый Бубноў узначальваў кафедру гуманітарных дысцыплін з
1997 года. На момант затрымання яго партрэт знаходзіўся на дошцы гонару ветэранаў
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій (былы МДУП). Мужчына
ўзнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі».
У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг,
адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».