У Лідзе мужчыну асудзілі на 5 гадоў калоніі за заклікі да прычынення шкоды нацбяспецы

7 верасня ў судзе Лідскага раёна на 5 гадоў зняволілі Андрэя Астрацова, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


7 верасня ў судзе Лідскага раёна вынеслі прысуд Андрэю Астрацову, якога вінавацілі ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).
Як паведамляе тэлеграм-канал «Затрыманні, суды ў Лідзе», мужчыну вінавацілі ў тым, што ён напісаў паведамленні ў Тэлеграме пасля падзей 9-12 жніўня 2020 года, калі машыну сына абвінавачанага закідалі святлошумавымі гранатамі. Пацярпелыя па справе, сярод якіх старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка і іншыя, заявілі спачатку пазовы аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў кожны, але пазней зменшылі суму да 1000 рублёў.
Старшыня Воранаўскага райвыканкама адмовіўся ад маральнай кампенсацыі, сказаў, што будзе дастаткова прынесеных Андрэем Астрацовым прабачэнняў. Вядома, што на працягу следства абвінавачанага ўгаворвалі пайсці на супрацоўніцтва, ва ўсім прызнацца, папрасіць прабачэння, пакаяцца — і тады прысуд будзе мяккім. Аднак дзяржабвінаваўца запатрабаваў пакараць мужчыну 5 гадамі пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. 
Менавіта такое такое рашэнне і вынес суддзя Уладзімір Федаровіч для Андрэя Астрацова: 5 гадоў калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама асуджаны мусіць сплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў агульным памеры 4000 рублёў.