«У клетцы была сумесь крыві і поту: то адзін траціў прытомнасць, то другі»

47-гадовы магілёвец Дзмітрый Хацкоў быў моцна пабіты на маршы ў Мінску 11 кастрычніка. З Заводскага РУУС са шматлікімі траўмамі трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Калі яго пачаў шукаць Следчы камітэт, удалося збегчы са шпіталю і з'ехаць у Літву. «Свабода» паразмаўляла з Дзмітрыем Хацковым, які падаў дакументы на атрыманне статусу ўцекача.

73c3eaa3_1600_42dc_b269_bd5a30d656a5_w1023_r1_s.jpg

9 жніўня затрымалі за тое, што быў у вышыванцы

Пачынаючы з 9 жніўня, Дзмітрый Хацкоў тройчы быў асуджаны паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Спачатку атрымаў 6 дзён арышту, потым былі яшчэ трое сутак і штраф у 25 базавых велічыняў. Затым прысудзілі 15 дзён арышту, якія Хацкоў так і не адседзеў. Цяпер у Беларусі яму пагражае крымінальная справа.

Пасля выбараў 9 жніўня Дзмітры Хацкоў увечары выйшаў у цэнтр Магілёва.

«Ніякіх актыўных дзеянняў мы тады не прадпрымаліі, я быў проста ў вышыванцы, якой прыкладна 25 гадоў, — яе мае бацькі мне падаравалі перад выбарамі. Прыехалі аўтазакі, і мяне забралі ў самы першы аўтазак. Спачатку апынуўся ў Чэрыкаве, а потым у Крычаве — бо месцаў у турмах Магілёва не хапала. Я быў асуджаны Чэрыкаўскім судом на 6 сутак, а потым мяне павезлі ў Магілёў на прафілактычную гутарку да намесніка начальніка УУС Рыжанкова, які даваў каманду АМАПу забіраць людзей. А я гэта чуў», — апавядае пра першае затрыманне Дзмітрый.

fe5b5823_1ac4_4450_ae1d_8d4fc9a0f58c_w650_r0_s__1_.jpg

У жніўні ў Магілёве людзі выходзілі на вуліцы кожны дзень, стаялі ўздоўж цэнтральных вуліц са сцягамі. 30 жніўня Дзмітрыя выклікалі ў Ленінскае РУУС, паказалі здымкі, дзе ён на пікеце з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.

«Сцяг гэты таксама захаваўся з 1990-х, ён вісеў у мяне на гаўбцы з 9 жніўня да моманту, пакуль я з'ехаў. Яго двойчы спрабавалі зняць пажарнікі, але марна.

Гаворка з намеснікам начальніка міліцыі не заладзілася, мяне «закрылі» на тры дні без суду, а потым яшчэ прысудзілі штраф 25 базавых велічыняў», — працягвае ён.

У Магілёве ў верасні пратэставы рух спаў, і Дзмітрый па нядзелях пачаў ездзіць на маршы ў Мінск. Спісваліся з аднадумцамі ў тэлеграм-каналах, сустракаліся на пэўным месцы, фармавалі калону.

«Колькі разоў ударылі дручком па галаве, не памятаю, бо адрэналін зашкальваў»

11 кастрычніка магілёўцы дамовіліся праз тэлеграм-каналы сустрэцца ў Мінску каля царквы святой Марыі Магдалены і адтуль даволі вялікай калонай вакольнымі шляхамі пайсці ў бок праспекту Пераможцаў. Убачылі, што на другім баку праспекту людзей пачалі біць, і вырашылі ісці ім на дапамогу.

«Дарога была перагароджана металічнымі канструкцыямі, стаяла машына ДАІ і аўтобус з АМАПам. З АМАПаўскага аўтобуса выскачылі байцы з зялёнымі ліхтарыкамі і чалавек са зброяй. Нас было чалавек 10, яны нападаць не адважыліся, а пырснулі балончыкамі і пайшлі назад.

Мы праваронілі момант, калі з боку стэлы на нас рушыў АМАП. Да мяне спачатку падышоў «ціхар», схапіў за вопратку — ніколі б не падумаў на яго: малады чалавек, прыстойна апрануты. А потым ужо мяне схапілі чацвёра, моцна націснулі на грудную клетку, колькі разоў ударылі дручком, не памятаю, бо адрэналін зашкальваў. Паклалі тварам у асфальт, дзе стаялі лужыны крыві. Рэальныя лужыны, уяўляеце? І самае дзіўнае, што байцы спрабавалі кроў змываць — анучамі, вадой. Я калі галаву падняў — атрымаў па галаве дручком», — апавядае Дзмітры.

c540e39f_4640_4bc0_a1c8_a74d7d418e8f_w1597_n_r0_st.jpg

Гэты момант трапіў у аб’ектыў фотакарэспандэнта «Свабоды». На здымку людзі з забінтаванымі галовамі. Але далей было яшчэ больш жорстка, узгадвае мужчына.

«У аўтазаку было пекла. Чалавек ляжаў на падлозе ў крыві»

«Калі нас пачалі грузіць у аўтазак, я ўбачыў на падлозе чалавека ў крыві. Не ведаю, ці ў прытомнасці ён быў і што далей з ім стала. Потым пачалі дубасіць мяне кулакамі, дручкамі — абараніцца не было як, бо рукі звязаныя за спінай. Я літаральна лётаў па аўтазаку. У выніку запхнулі ў «стакан» чатыры чалавекі, а той хлопец так і застаўся ляжаць у крыві на падлозе. У клетцы была сумесь крыві і поту: то адзін траціў прытомнасць, то другі. Папрасіў адчыніць вентыляцыйны люк — адчынілі клетку і ўдарылі па галаве дручком. Аднаму хлопцу было вельмі дрэнна, ён ванітаваў. Карацей, у аўтазаку было пекла», — кажа Дзмітрый.

Аўтазак недзе спыніўся, частку людзей выгрузілі. Другую частку адвезлі ў Заводскае РУУС. Там Дзмітрыю стала вельмі кепска, ён задыхаўся, было млосна, галава кружылася. Папрасіў выклікаць «хуткую», але міліцыянты адмовіліся. Усіх затрыманых — чалавек 60 — завялі ў актавую залу, складалі пратаколы, адкатвалі пальцы. Дзмітрый адмовіўся, яму зноў стала зусім кепска.

«Мяне вывеў малады хлопец гадоў 20, вельмі ветлівы, са мной ён размаўляў на «вы». Ён кажа: я выклічу «хуткую», скажу, што вы страцілі прытомнасць. Нарэшце выклікаў. І суправаджаў мяне ў гэтай «хуткай» разам з нейкім «адмарожаным» участковым, які браў паказанні. Ён яшчэ здзекаваўся з магілёўскай дзяўчыны, пагражаў згвалтаваннем. Фэльчар «хуткай» сказала, што забірае нас дваіх — мяне і хлопца, якому вельмі дрэнна было ў аўтазаку», — кажа Дзмітрый.

«Страсенне галаўнога мозгу, ЧМТ, ушыб грудной клеткі, пашкоджанне галенастопнага суставу»

Пад канвоем прывезлі мужчын у шпіталь хуткай дапамогі. Дзмітрый узгадвае, што ў яго было ўражанне, нібыта міліцыя спрабавала ціснуць на дактароў, каб іх хутчэй адпусцілі, і канвой забраў іх назад у Заводскае РУУС.

«Мяне доўга вазілі на ўсялякія абследванні У выніку толькі а 3 гадзіне ночы мяне шпіталізавалі ў 2-е траўматалагічнае аддзяленне. І супрацоўнікі міліцыі сышлі, мабыць, падумалі, што сваімі нагамі я не ўцяку, бо мяне давезлі на каталцы да палаты».

У заключэнні медыкаў пазначаны дыягназ: страсенне галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, удар у грудную клетку, пашкоджанне левага надпятавічнагалёнкавага суставу.

«Самае галоўнае — у Літве не трэба азірацца і шарахацца ад кожнага бусіка»

У палаце, куды паклалі Дзмітрыя, таксама былі затрыманыя і моцна пабітыя на маршы.

«Раніцай пачалі хадзіць людзі са Следчага камітэту. У кагосьці ў палаце быў тэлефон. Я пазваніў сябрам і праваабаронцам і папрасіў, каб мяне тэрмінова забралі з шпіталю.

Карацей, не буду апавядаць усіх падрабязнасцяў, але мяне вывезлі ў бок Літвы. Візы не было, але ініцыятыва ByHelp дапамагла. Беларускім памежнікам сказаў, што еду на лячэнне ў Літву. Пазней мне перадала крыніца са Следчага камітэту, што мяне будуць шукаць. Вяртацца ў Беларусь мне нельга — мяне нібыта расшукваюць у крымінальнай справе як сведку. Але я ж разумею, чым гэта можа скончыцца», — мяркуе Дзмітрый.

У Літве ён падаў дакументы на атрыманне статусу ўцекача. Яму дапамаглі зняць пакой, падрыхтаваць дакументы, забяспечылі ўсім неабходным.

e1cf9568_887a_4e95_b0e8_813a0fda5aac_w650_r0_s.jpg

«Такая салідарнасць і дапамога ад усіх, што ў мяне няма адчування, што я тут адзін далёка ад дому. Я быў прыемна здзіўлены і вельмі ўдзячны ўсім, хто мне дапамагае. Гэта ініцыятывы ByHelp, «Разам», «Дапамога», «Чырвоны Крыж».

А самае галоўнае — тут не трэба азірацца і шарахацца ад кожнага бусіка», — кажа Дзмітрый Хацкоў.