У Гомелі адбудзецца завочны суд над заснавальнікамі BYSOL, BY_Help, «Новай Беларусі», «Беларускага фонду салідарнасці. Хронікі рэпрэсій 31 сакавіка

На 18 красавіка Гомельскі абласны суд выклікае ў якасці абвінавачаных некалькі вядомых беларускіх праваабаронцаў і актывістаў у справе так званай спецвытворчасці, піша Гомельская Вясна. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 31 сакавіка.

1_1097_1.png

У прыватнасці, абвінавачанымі назвалі праваабаронцу і заснавальніка фонду BYSOL Андрэя Стрыжака, кіраўніка кампаніі BY_help Аляксея Лявончыка, стваральніка мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь» Яраслава Ліхачэўскага, аднаго са стваральнікаў «Беларускага фонду салідарнасці» Аляксея Кузьмянкова, а таксама актывістаў Аляксандра Лапко, Аляксандру Жук і Аляксандра Падгорнага.

Іх абвінавачваюць па 15 артыкулах Крымінальнага кодэксу: у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, закліках да санкцый, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразе прадстаўніка ўлады, распальванні варажнечы, паклёпе на Лукашэнку, дыскрэдытацыі Беларусі, абразе Лукашэнкі, здзеку з дзяржаўных сімвалаў, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, вярбоўцы, навучанні і падрыхтоўцы грамадзянаў для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні, падбухторванні да здрады дзяржаве, пагрозе здзяйснення акта тэрарызма, прапагандзе тэрарызму.

Усе людзі, якіх пачнуць судзіць у Гомелі, знаходзяцца па-за межамі Беларусі. 

У Беларусі +11 новых палітвязняў

Гэта Андрэй Шабуня, Мікалай Сідараў, Вераніка Жалубоўская, Алег Шылаў, Раман Емельянаў, а таксама Алег Самародскі, Ірына Стасенка, Ягор Барыскевіч, Павел Мінчык і Дзмітрый Сідарэнка.

КДБ арыштаваў дом у Пінску, у якім жыла сям'я кіраўніка праекту Belarus Tomorrow Аляксея Дзікавіцкага

Там ён правёў юнацтва — «мы з сябрамі [там] праяўлялі свае аматарскія фотаздымкі і слухалі метал, у 1990-м мама пашыла [там] першы ў маім жыцці бел-чырвона-белы сцяг, адтуль я 35 гадоў таму паехаў у інстытут, а яшчэ праз восем пайшоў «выкупаць нявесту» — будучую маю жонку», — прыгадвае журналіст. 

Перад тым апячаталі дзедаву хату ў вёсцы, дзе Дзікавіцкі гадаваўся да школы, піша @euroradio.

«У чым мяне абвінавачваюць, за што маюць намер пазбавіць тых старых, стогадовых дамоў, якія маюць вельмі нязначную матэрыяльную вартасць, я дагэтуль не ведаю, — дадае ён. — Веру, што ў Новай Беларусі нерухомасць мне і іншым, у каго яе незаконна адбіраюць, будзе вернутая, а вінаватыя адкажуць у адпаведнасці з законам. І не таму, што я асабіста прагну помсты, не. А таму, што іначай той Новай Беларусі — прававой дзяржавы — мы ніколі не пабудуем».

Герояў прапагандысцкага фільма пра эмігрантаў з ананімных акаўнтаў зазываюць вярнуцца ў Беларусь

Як стала вядома «Нашай Ніве», герояў фільма пра жыццё эмігрантаў «Чужое неба», які прапагандысты знялі падманам, актыўна заклікаюць вярнуцца дадому.

Частцы герояў напісалі з новага акаўнта, падпісанага Ірынай, якая сцвярджала, што рэпрэзентуе безназоўную жаночую праваабарончую арганізацыю, якая нібыта працуе ў Мінску.

Бабруйскаму актывісту Уладзіміру Лазараву пісалі з таго ж тэлеграм-акаўнта, з якога раней развялі на здымку відэа, а таксама на натхнёны водгук пра фільм, які ён нават не бачыў.

Героі, з якімі звязалася «Наша Ніва», сцвярджаюць, што адразу ж заблакавалі аўтараў прапановы, якой не збіраюцца карыстацца.