«Смех, Юмор, Позитив» цяпер у Беларусі экстрэмізм. Хронікі рэпрэсій 1 красавіка

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» TikTok-старонку «Смех, Юмор, Позитив», якая мае больш за 630 тысяч падпісантаў. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Крупскага раёну 27 сакавіка. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 1 красавіка.

1_1097_1.png

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «НичегоНе чат», «YIGAL LEVIN ILUA», «Гордыя Беларусы», «Antijob.nеt – канал "Антиджоба"», «Belarus Women’s Foundation», «Автономное действие», «Сабатаж Дыстра»;
  • Instagram старонка «eglit_am», «belarus_human_rights_school», «belhalat.nеws»;
  • YouTube-канал «Романов»;
  • Старонка ў Аднакласніках «МЫ ИЗ БЕЛАРУСИ»;
  • TikTok-старонкі «Julia Юлiя», «Dmitry_News».

У Беларусі абнавілі спіс забароненых да распаўсюду кніг — сярод іх Мітчэл, Бакман і Муракамі

Міністэрства інфармацыі дадала яшчэ 27 кніг у спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Сярод іх кніга «Воблачны атлас» Дэвіда Мітчэла і раман «Дзеці з камеры захоўвання» Ру Муракамі. 

Агулам у спісе 92 пазіцыі.

Экс-палітзняволеная Антаніна Канавалава паведаміла пра арышт сямейнай маёмасці пасля яе ад’езду з Беларусі

Пра гэта былая зняволеная распавяла ў эфіры «Обычного утра», піша @pozirkonline. Паводле яе слоў, КДБ унёс Сяргея Канавалава, тату Антаніны, у «тэрарыстычны спіс».

«Гэта проста, калі шчыра, нонсэнс для нас, бо тата не быў затрыманы паводле адміністрацыйных артыкулаў, не было на ім крымінальных спраў, толькі падазрэнні, а ён у тэрарыстычным спісе».

Некаторы час таму, паведаміла экс-палітзняволеная, у доме яе бацькі правялі ператрус «з нагоды яго падазрэння ў тэрарызме ў Баранавічах».

У траўні 2021 Антаніну разам з яе палітзняволеным мужам Сяргеем асудзілі да 5,5 гадоў калоніі па справе «Арміі з народам». Іх абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». У снежні Антаніна выйшла на волю і пасля з'ехала з краіны да дзяцей.

Мікола Дзядок не выйдзе на волю па сканчэнні тэрміну — у дачыненні да яго распачалі новую крымінальную справу

@MDziadok стала вядома, што Міколу перавялі ў СІЗА №1 у Калядзічах з-за новай крымінальнай справы.

«На жаль, іншых падрабязнасцей няма. Няма таксама навінаў наконт ужо адкрытай на яго справы па 411 артыкуле. Мікола мусіў выйсці на волю 4 красавіка 2025 года».

Нагадаем, актывіста анархісцкага руху, аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.

Палітвязень Дзяніс Івашын чатыры месяцы пазбаўлены тэлефонных званкоў

Пра гэта піша @dzianisivashyn.

«На жаль, і ў гэтым месяцы мы не дачакаліся тэлефоннага званку ад Дзяніса Івашына. Блякада адзінай крыніцы наўпроставай сувязі зь ім працягваецца, а мы ды й сам Дзяніс па-ранейшаму ня ведаем прычыны».

Нагадаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста «Новага Часа» Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пазней Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Былога рэдактара «Бабруйскага кур'ера» Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 сутак

Былога галоўнага рэдактара рэгіянальнай газеты затрымалі 28 сакавіка ў Бабруйску. У яго жыллі сілавікі правялі ператрус.

31 сакавіка ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска ў дачыненні Анатоля Санаценкі адбыўся адміністрацыйны працэс. Вінавацілі імаверна паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Рашэнне суда — 15 сутак адміністрацыйнага арышту, піша @bajmedia.

З сайта МУС знікла магчымасць праверкі наяўнасці забароны на выезд з Беларусі

Міністэрства ўнутраных спраў прыбрала са свайго сайта магчымасць праверкі сябе на наяўнасць забароны на выезд з Беларусі, заўважыла «Медыязона».

Раней у асабістым кабінеце на сайце МУС у раздзеле фізічных асоб можна было праверыць неаплачаныя штрафы па лініі ДАІ і абмежаванні на выезд з Беларусі.

Зараз на сайце праверку на абмежаванні прыбралі. Калі менавіта адбыліся змены, невядома. Але год таму выданне «Эканамічная газета» апублікавала інструкцыю аб праверцы сябе на прадмет абмежаванняў на выезд, дзе гэты пункт яшчэ быў на скрыншотах сайта МУС.

У беларусаў засталася магчымасць праверыць, ці ёсць абмежаванне на выезд з Беларусі, толькі пры асабістым звароце ў аддзел грамадзянства і міграцыі РУУС па месцы рэгістрацыі або фактычнага пражывання.

З 2020 года ў Беларусі па абвінавачванні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці асудзілі як мінімум 23 замежнікаў

Сярод іх грамадзяне Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і больш за ўсё — Украіны. Пра справы гэтых людзей часта вядома толькі з сюжэтаў па дзяржтв, а пра прысуды праваабаронцы даведаюцца праз месяцы. «Медыязона» сабрала гісторыі некаторых з іх — кіроўцаў рэйсавых аўтобусаў, кантрабандыстку, якая сведчыла супраць беларускіх мытнікаў і дыджэяў з Кобрына.