Праваабаронцам стала вядома пра ператрусы КДБ у прадстаўнікоў прафсаюзаў. Хронікі рэпрэсій 28 сакавіка
«Вясна» паведаміла пра ператрусы ў прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. У іх канфіскавалі тэхніку, але пасля допытаў адпусцілі. Сілавікоў цікавілі сувязі з BySOL і ByHelp, а таксама ў людзей пыталіся пра гэтак званае «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 28 сакавіка.

Па вяртанні з Польшчы затрымалі 64-гадовую жанчыну — яна ў СІЗА за ўдзел у пратэстах
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне напрыканцы студзеня Жанны Вайніловіч. Вядома, што жанчына вярталася ў Беларусь з Польшчы і была затрыманая не на мяжы, а праз некалькі дзён пасля гэтага.
Ёй інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за нібыта ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яна знаходзіцца ў СІЗА.
Праваабаронцы раяць сур'ёзна ацэньваць рызыкі перад паездкай у Беларусь і не забываць пра правілы бяспекі — не захоўвайце фота з акцый пратэсту, каб не нашкодзіць сабе і іншым удзельнікам пратэстаў. Акрамя таго, уважліва праглядзіце падпіскі ў сваіх усіх сацсетках на наяўнасць «экстрэмісцкіх» старонак, а таксама «лайкаў» і каментароў на іх.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 прозвішчаў — цяпер у ім 5088 чалавек
28 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Украіны Канстанціна Панамарова, беларуса-эмігранта Руслана Зубкова, фігуранта справы «Кадравага рэзерву для новай Беларусі» Аляксандра Куксу, а таксама трэнера з Гомеля Алега Цішэля, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі».
У Брэсцкай вобласці ў 2024 годзе раскрылі больш за 700 крымінальных спраў па «экстрэмісцкіх» артыкулах
У Брэсцкай вобласці ў 2024 годзе было раскрыта больш за 700 крымінальных спраў па «экстрэмісцкіх» артыкулах, пра гэта ў інтэрв'ю «Белта» распавёў начальнік абласнога ўпраўлення СК Віктар Леган, заўважыла выданне BG.Media.
Па словах Леграна, у асноўным гаворка ідзе пра справы за пратэсты 2020 года і каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады ў сацсетках. СК заводзіў крымінальныя справы на жыхароў Берасця, Пінска, Баранавічаў, Кобрына, Бярозы, Белаазёрска.
У 2023 годзе СК па Брэсцкай вобласці раскрыў каля 600 пратэсных крымінальных спраў.