У беларускую роту тэрабароны Украіны ўступілі сямёра маладафронтаўцаў
Адзін з іх — кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. У беларускай роце ён атрымаў пазыўны «Ваўкалак», піша радыё, якое беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Кіраўнік
«Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з'ехаў ва Украіну напрыканцы 2021 году праз
пераслед у Беларусі.
Пра першы дзень
вайны Урбановіч успамінае так: «Спаў, чую — раз бахнула, потым другі. Мяне
пабудзілі, кажуць: гэта расейскія ракеты. Залез у інтэрнэт, бачу, што Расея
напала на Украіну. Сталі перазвоньвацца са сваімі хлопцамі, куды далучацца.
Ідзем на вайну? Ідзем, адказваюць».
Дзяніс кажа, што
акурат гэтымі днямі меўся пераязджаць у Літву, меў адтуль запрашэнне. Тым не
менш падкрэслівае: нават калі б з'ехаў, то ўсё адно вярнуўся б назад ва
Украіну.
«Нас тут толькі
маладафронтаўцаў сямёра чалавек. Усіх падрабязнасцяў расказваць не магу, але
праходзім падрыхтоўку», — кажа Дзяніс.
Урбановіч толькі
што адбыў дзённы нарад. Па галасах у казарме чуваць, што хлопцы ставяцца да
ўсяго з гумарком, даносіцца шмат жартаў і смеху. Пры кожнай паветранай трывозе
знікае інтэрнэт.
«Настрой у нас
бадзёры. Верым, што пераможам Расею, а пасля вызвалім Беларусь. Думаю, усё так
і будзе. Галоўнае сёння для нас — скончыць з пуцінскай уладай, бо яна — апора
для дыктатур і ў сябе, і ў Менску», — кажа ён.
У беларускай роце
тэрытарыяльнай абароны «Азова» Урбановіч атрымаў пазыўны «Ваўкалак». На баявыя
дзеянні яго з таварышамі пакуль не адпраўлялі.
«Я не заўважаю, што стаўленне да беларусаў пагоршылася. Чуў, што нехта такое кажа, але сам асабіста з такім не сутыкаўся нідзе. Усё крута, нас добра ўспрымаюць, ніякіх пытанняў няма», — кажа Урбановіч.