У Беларусі ўжо 86 чалавек з каронавірусам. Сусветны банк выдзяляе экстранае фінансаванне

На сённяшні дзень у Беларусі праведзена каля 23 тысяч тэстаў на COVID-19, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

c2c2221fbe85b0965db8112a612bb089.jpg

Ужо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі 29 пацыентаў. Раней у іх тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. У працэсе назірання і лячэння атрыманыя адмоўныя вынікі тэстаў. Працягваецца медыцынскі кантроль і лячэнне 57 пацыентаў.
Яшчэ па двух пацыентах спецыялісты праводзяць дадатковую праверку ў сувязі з неадназначнасцю атрыманых вынікаў.
Такім чынам, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса за два дні ў Беларусі вырасла да 86. Апошні раз статыстыка агучвалася 23 сакавіка, тады быў выяўлены 81 выпадак заражэння, 22 чалавекі ўжо ачунялі. Старэйшаму пацыенту 78 гадоў, самаму малодшаму — 3 гады.
Тым часам стала вядома, што Сусветны банк (СБ) выдзеліць Беларусі экстранае фінансаванне для набыцця прадметаў медыцынскага прызначэння ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у беларускім прадстаўніцтве СБ.
«Сусветны банк зробіць усё магчымае, каб дапамагчы Беларусі адрэагаваць на медыцынскія, сацыяльныя і эканамічныя праблемы звязаныя з распаўсюджваннем COVID-19. У цяперашні час урад, ААН і Сусветны банк сумесна працуюць над планаваннем, фінансаваннем, а таксама закупкай прадметаў медыцынскага прызначэння», — сказалі ў прадстаўніцтве.
Між тым, у прадстаўніцтве адзначылі, што пакуль Беларусь не звярталася з прапановамі аб рэструктурызацыі наяўнага доўгу. 
Як паведамлялася, урад Беларусі плануе правесці рэструктурызацыю часткі знешняга дзярждоўгу ва ўмовах рэзкага паслаблення беларускага рубля з-за дэвальвацыі расійскага рубля, падзення коштаў на нафту, адсутнасці стабільных паставак нафтавай сыравіны на беларускія НПЗ і глабальнага ўплыву пандэміі каронавіруса.