У Беларусі адразу 9 новых палітвязняў
Гэта абвінавачванныя па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") Святаслаў Герасімук, Ян Фалькін, Аляксей Мельнікаў, а таксама па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Вольга Паўлава, Аляксандр Геджадзе (грамадзянін РФ), Аляксандр Раентаў, Вікторыя Міронцава, Анастасія Міронцава, Мікалай Шаметаў.
Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Праваабаронцы ацэньваюць пераслед Святаслава Герасімука, Яна Фалькіна, Аляксея Мельнікава, Вольгі Паўлавай, Аляксандра Геджадзе, Аляксандра Раентава, Вікторыі Міронцавай, Анастасіі Міронцавай, Мікалая Шаметава, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па ч. 1 арт. 342 КК ("Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаюць іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Святаслава Герасімука, Яна Фалькіна, Аляксея Мельнікава, Вольгу Паўлаву, Аляксандра Геджадзе, Аляксандра Раентава, Вікторыю Міронцаву, Анастасію Міронцаву, Мікалая Шаметава і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.
Пад супольнай заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтр “Вясна”, РГА "Прававая ініцыятыва”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.
Паводле spring96.org