«Трываць, чакаць пераменаў. Жадаю, каб Бык дапамог краіне». Што зычыць беларусам мастацкі кіраўнік Купалаўскага
Мікалай Пінігін спадзяецца на лепшае.
![a6094eca_3aaf_416b_9b46_d27942cb6d70_cx16_cy14_cw43_w1023_r1_s.webp a6094eca_3aaf_416b_9b46_d27942cb6d70_cx16_cy14_cw43_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/a6094eca_3aaf_416b_9b46_d27942cb6d70_cx16_cy14_cw43_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Што пажадаць Беларусі ў 2021 годзе? «Свабода» сабрала пажаданні ад вядомых людзей. Слова — мастацкаму кіраўніку знішчанага ўладамі Купалаўскага тэатру Мікалаю Пінігіну.
У сувязі з каронавірусам ён пажадаў найперш усім беларусам здароўя.
«Астатняе ўсё вы самі ведаеце — ШТО глабальна павінна змяніцца. Трываць, чакаць пераменаў. Але на палітычныя тэмы мы не будзем размаўляць.
Год Пацука скончыўся, наступае год Быка. Жадаю ўсім людзям у наступным годзе, каб Бык дапамог краіне. 2020 — год Пацука, гэта быў дрэнны год для ўсіх: тут і „«карона», і палітычныя падзеі. Спадзяюся, што Бык прынясе краіне штосці новае, таму што ён упарты», — разважае мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін.
На пытанне, ці спадзяецца галоўны рэжысэр на вяртаньне большай часткі трупы ў родныя сцены тэатру, Мікалай Пінігін не адказаў.
«У мяне ніякіх прагнозаў няма. Не ведаю, калі Купалаўскі тэатр вернецца. Напэўна, калі зменіцца ўся палітычная сітуацыя ў краіне, тады і вернемся. Са мной ніхто не вёў ніякіх перамоў — ні новы міністр, ніхто. Думаю, з намі і не будуць весці ніякіх перамоваў», — падзяліўся Мікалай Пінігін.