ТОП-10 цытатаў з сустрэчы гарадзенскіх іпэшнікаў з уладамі
У Гродна прайшла эмацыйная размова прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам гораду.
Фота belsat.eu
На сустрэчу прыйшло некалькі сотняў прадпрымальнікаў, усе нават у зале не змясціліся: стаялі на ўваходзе або «па сценачцы». З боку гарадскога кіраўніцтва, акрамя мэра Мечыслава Гоя, былі прадстаўнікі падатковых органаў, Гроднаторгсервісу ды «замы» рознага гатунку. Міліцэйскае начальства на сустрэчы не аказалася, хоць мэр некалькі разоў назваў прозвішчы кіраўнікоў МУС рэгіёну.
Нічога канкрэтнага прадстаўнікі гарадскіх уладаў так і не сказалі, больш слухалі, каб пасля «данесці» галасы гарадзенскіх прадпрымальнікаў вышэй.
«Трэба выслухаць усё, нават утапічныя ідэі, — падзяліўся думкамі Гой, — там заўжды ёсць нейкая «разынка».
Два вольных мікрафоны, якія апынуліся ў зале, далі выказацца калі не ўсім, то шмат каму з прысутных ІП-шнікаў, якія не працуюць ужо другі месяц праз указ кіраўніка краіны №222.
Падаем некалькі тэзаў-«разынак» ад прадпрымальнікаў, агучаных ля мікрафону.
Прынцып заяўкі
Усе прадпрымальнікі, якія сабраліся тут, не змаглі выканаць тыя ўмовы, якія дзяржава нам выставіла. Не таму, што мы не хочам, а таму, што магчымасцяў няма. Праца без дакументаў непрымальная, згода. Але чаму нельга зрабіць так, каб прадпрымальнікі афармлялі свой тавар па прынцыпе заяўкі? Прывёз тавар, перапісаў, падаў у падатковую, заплаціў свой падатак — і стаў сумленным чалавекам. Гэта б усіх задавальняла.
Навошта рабіць дакумент, які ў мяне ёсць?
Трэба вызначыцца, што вы (улады) ад нас хочаце. Пакуль вы не вызначыцеся — мы не дамовімся. Вы ўвесь час кажаце, што нам рабіць у Беларусі дакументы якасці танна і зручна. Дзякуй! А навошта, калі яны ў мяне ў пакеце ўжо ёсць, калі я купляю тавар?..
300%, цыбуля і часнык
Тут кажуць пра 300 % нацэнкі якія накручваюць прадпрымальнікі… Дзе? Давайце з’ездзім разам і паглядзім, па якіх коштах мы гэта бярэм. У мяне няма выходных акрамя панядзелка, я думаю як выжыць. Схадзіце нават у аптэку, паглядзіце якія там кошты. Хутка цыбуляй і часныком будзем усе лячыцца!
Ніша і дзірачка
Нам трэба вырашаць нашыя пытанні толькі ўнутры нашай дзяржавы з нашым кіраўніцтвам. І вы нам маеце знайсці нейкую нішу. Знойдзеце — і ніхто ні з кім не будзе сварыцца, будзем вам несці грошы. Калі мы не выйшлі на працу — значыць ВЫ нам стварылі такія ўмовы, пры якіх мы не можам нічога рабіць. Калі б у нарматыўнай базе была хоць маленькая дзірачка — мы б у яе ўлезлі.
Адпачынак
Дзяўчынка-прадпрымальніца з Паўднёвага (рынку) сёння пайшла пісаць заяву на адпачынак на люты. Ёй было сказана, што ад 17 лютага падатковая інспекцыя пачне рассылаць ІП-шнікам апавяшчэнні аб тым, маўляў, або вы ідзяце і плаціце падатак або закрываецеся. Згодна заканадаўству кожны прадпрымальнік мае права не ажыццяўляць сваю дзейнасць да 12 месяцаў. І дзе ж тут закон?
Пра тых, хто надалей працуе
Скажу пра тых, хто нібыта «працуе з дакументамі», чые кропкі зараз адкрытыя. Падыходзьце, правярайце: маркіроўкі тавару няма, сертыфікаты паказваць адмаўляюцца. Дык навошта казаць, што без дакументаў толькі маленькая частка? Гэта фальсіфікацыя дадзеных. Палова «Кароны» (рэчавы рынак) будзе зачыненая, калі даведаюцца, што прыехалі правяраючыя органы.
Спытайце ў народа
Чаму нашаму народу-жабраку не даюць у час крызісу выбраць, дзе купляць тавар? Вы спытайцеся ў народа, дзе яны сабе рэчы купляюць: у буціках ці на рынку? А пасля будзеце нешта вырашаць! А вы — жывяце на грошы падаткаплацельшчыкаў, таму мелі б бараніць нас і хварэць нашымі хваробамі!
Шопінг і «мядовыя гады»
Усім вядома, што краіны для шопінгу — гэта Польшча, Украіна, Расея… усё, акрамя Беларусі. Дык можа зробім такія ўмовы, каб Беларусь была краінай для шопінгу? Каб да нас ехалі і везлі валюту, га? Мы будзем з задавальненнем працаваць. Быў такі час, усе гэта памятаюць. А зараз па тэлевізары кажуць, маўляў, скончыліся «мядовыя гады»… Дык яны для ўсіх скончыліся.
Пенсія 1 680 000
Можа нехта малады і гэтага не разумее, але я хачу сказаць, што мы, праплаціўшы 20 год прадпрымальніцкія ўзносы, усе выходзім на пенсію як «сіямскія блізняты». Бо наша пенсія — 1 680 000! А тое, што я працавала за савецкім часам 18 год? Чаму гэта не лічыцца? Скажыце, нармальная жанчына можа выжыць за 50 тыс. рублёў у дзень?
Каўбаса і жарты
Я працаваў на «Кароне», закрыўся, не плачу падаткаў, дамову арэнды спыніў. Другі месяц не працую, жыць пакуль неяк магу. Далей у краму пайду: мо з вас каго сустрэну, каўбасу адбяру. Вы ж смеяцеся з нас, жартачкі кідаеце, а я таксама магу пажартаваць. Калі-небудзь сустрэнемся.