Шызафрэнія прапаганды і «стэндапер» Азаронак. Наколькі прапагандысты ўплываюць на беларусаў?

Як ні стараюцца ідэолагі і «говорящие головы», а ўсё не атрымліваецца ў іх з'яднаць беларускае грамадства пад чырвона-зялёным сцягам і партрэтам Лукашэнкі.

Складана вызначыць, каму насамрэч вераць беларусы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Складана вызначыць, каму насамрэч вераць беларусы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Выступленні беларускіх прапагандыстаў вытрымае не кожны: абразы, маніпуляцыі, цытаты «як сказаў Аляксандр Рыгоравіч» і казкі пра даўно загніваючы Захад. 

На каго ўсё гэта разлічана і ці працуе наогул? Ці моцны ўплыў «рускага свету»? «Deutsche Welle» даведалася ў экспертаў, як змянілася прапаганда з 2020 года, чаму ў Беларусі яна не такая эфектыўная, як расійская ў РФ, і колькі беларусаў усё ж вераць тэлевізару.

«Шызафрэнія прапаганды»: мы і за вайну, і за мір, а санкцыі дрэнныя, але добрыя

Да 2020 года беларуская прапаганда была даволі простай: у Беларусі жыць добра, а Лукашэнка вырашае ўсе пытанні. Пасля 2020 года прапаганда злілася з дзяржавай, сярод яе новых рыс — расчалавечванне апанентаў, адзначаюць эксперты.

«Мова варожасці перайшла ў мову нянавісці. Мы параўноўвалі цытаты прапаганды з цытатамі з «Радыё тысячы пагоркаў» (радыёстанцыя ў Руандзе, якая падбухторвала да генацыду. — Заўв. рэд.). — адзін у адзін. «Знішчыць», «пацукі» і гэтак далей», — кажа Надзея Белахвосцік, галоўрэд праекта «Media IQ», які займаецца маніторынгам беларускіх медыя. 

У 2022 годзе — зноў змена. «У той дзень, 24 лютага, навіны да 8-й раніцы яшчэ былі такімі, якімі іх гадамі пісалі беларускія медыя, без «бандэраўцаў», «фашыстаў». Але каля 8-й прачнуліся і стэлефанаваліся ідэолагі — і ўсё, пачаліся паўторы расійскіх наратываў», — кажа медыяэкспертка.

З канца 2022 года агрэсіўная ваенная тэматыка сышла з першага плана. «Захоўваецца, я б сказала, шызафрэнія прапаганды. З аднаго боку, Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, мы за мір. З другога, апраўдваецца агрэсія РФ. І так ва ўсім: ад санкцый пакутуе народ — але санкцыі нам дапамаглі. Камісія кліча «збеглых» — але калі прыедуць, трэба іх пасадзіць», — прыводзіць прыклады Надзея Белахвосцік. 


Глядзіце таксама

Галоўныя наратывы — зноў пра добрага Лукашэнку. «Прычым з Лукашэнкі прапаганда цяпер робіць месію, у літаральным сэнсе. Культ стаў абсалютна рэлігійным», — адзначае экспертка. Так, напрыклад, у сваім Telegram-канале журналіст Рыгор Азаронак у адным допісе параўнаў Лукашэнку з Хрыстом, а ў іншым — з Богам. 

Траціна аўдыторыі не верыць апанентам, 15% — нікому

«Прагляды дзяржтэлебачання растуць. Каля 37% апытаных атрымліваюць навіны з дзяржаўных медыя. З недзяржаўных — 18%», — прыводзіць даныя апытання «Chatham House» за сакавік 2023 года Надзея Белахвосцік.

Прычыны відавочныя: доступ да незалежных медыя складаны і небяспечны, людзі чытаюць дзяржСМІ дзеля бытавых навін, курсаў валют, надвор'я, афішы. І, вольна ці міжволі, глядзяць іншыя загалоўкі. 

Каму ж вераць беларусы? Падлічыць складана. «Паводле ўскосных звестак, напрыклад, у дачыненні да вайны, размяшчэння ядзернай зброі, я б казаў, што ядро схільных да расійскай прапаганды — 5-7%, яны бачаць Беларусь у складзе РФ. Яшчэ 20-25% вераць беларускаму тэлебачанню. Тых, хто абсалютна не верыць прапагандзе, каля 25-30%», — прыводзіць лічбы сацыёлаг Генадзь Коршунаў, аналітык і старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй».


Глядзіце таксама

Сацыёлаг удакладняе: «Не вельмі правільна жорстка дзяліць, таму што выдзяляецца яшчэ група ў 15-20%, якія сыходзяць у адмову: «усе хлусяць», нікому не веру. Гэта шмат. З іншага боку, каля 25-30% глядзяць інфармацыю і з аднаго, і з другога боку, параўноўваюць». 

Медыяэкспертка згаджаецца, што пазіцыя «ўсе хлусяць» самая небяспечная. «Людзі перастаюць верыць усім навінам, і з'яўляюцца самыя страшныя формулы: «усёй праўды мы не даведаемся» і «не ўсё так адназначна». Яны страшнейшыя, чым калі крычаць, што Лукашэнка мае рацыю ва ўсім», — мяркуе Белахвосцік. 

Навык чытаць паміж радкоў зноў спатрэбіўся беларусам

Дзяржпрапаганда працуе ў Беларусі далёка не так паспяхова, як у Расіі, упэўнены Генадзь Коршунаў. Гэтаму ёсць тлумачэнне: і ў савецкі, і ў постсавецкі час у Беларусі былі і свае тэлеканалы, і расійскія. У Расіі ўсё было больш маналітна. А беларусы вучыліся іх параўноўваць і выпрацоўваць свой пункт гледжання, лічыць эксперт, з'яўляліся навыкі, як цяпер кажуць, медыяпісьменнасці. 

Цяпер па-ранейшаму ёсць і беларускія, і расійскія крыніцы інфармацыі. «Гэта самы негатыўны для мяне трэнд — тое, што сярод апазіцыйных дамінуюць расійскія каналы, блогеры. Гэта пакідае частку беларускай аўдыторыі ў нейкай каланіяльнай інфапрасторы. Гэта дрэнна, — гаворыць Коршунаў, — але выбар вучыць арыентавацца ў інфармацыі, фармуляваць свой пункт гледжання. Гэта добры момант».  

Глядзіце таксама

Аднак узровень медыяпісьменнасці недастаткова высокі, лічыць медыяэкспертка. «Прапагандзе складана супрацьстаяць, яна працуе з эмоцыямі. Яна не закранае свядомасць. Прымітыўны мэсэдж разбіць такім жа кароткім і простым аргументам нерэальна. Чалавеку трэба тлумачыць, і ён гэтага павінен хацець», — кажа Надзея Белахвосцік. 

Яна прыводзіць прыклад: калі з'явіліся наратывы пра «біялабараторыі» ва Украіне з баявымі камарамі, прасунутыя людзі смяяліся і рабілі мемы, а потым сутыкнуліся з тым, што многія верылі і пераказвалі адно аднаму.

Азаронка ва Украіне прымаюць за стэндапера 

Самая грубая прапаганда без тармазоў, якую выдае, напрыклад, Рыгор Азаронак, усё ж не спрацоўвае для вялікай аўдыторыі, лічаць эксперты. 

«Мне здаецца, такая ашалелая прапаганда патрэбна, каб астатняя выглядала больш пераканаўча. Маўляў, тут зусім перабор, а вось інфармацыя мякчэйшая, спакайнейшая — напэўна, і праўдзівейшая. Хоць Азаронак, думаю, для вушэй і вачэй аднаго чалавека. Я не сустракала тых, хто яго слухае, нават згадак пра такіх людзей», — кажа Надзея Белахвосцік. 

«У Беларусі Азаронка глядзяць мала. Магчыма, з Расіі ці Украіны. Я ва Украіне не раз сутыкаўся з тым, што Азаронка ўспрымаюць як стэндап-коміка. І калі кажаш, што ён пазіцыянуе сябе як палітычны аглядальнік, людзі не вераць», — расказвае Генадзь Коршунаў, згаджаючыся, што Азаронак у першую чаргу працуе на аднаго гледача — на Лукашэнку. 

У самых вядомых беларускіх прапагандыстаў у Telegram, дарэчы, дасягненні зусім невялікія: у Рыгора Азаронка ўсяго 8100 падпісчыкаў, Ксеніі Лебедзевай — 6300, Людмілы Гладкай — 2900.  

Глядзіце таксама

«Не толькі бітва тэлевізара з халадзільнікам, але і досвед дручкоў»

Капіяванне расійскай інфармацыі вельмі заўважна цяпер у дзяржмедыя, якія часам забываюць памяняць «Белоруссию» на Беларусь. 

«Гэта не проста прасоўванне «рускага свету». Ёсць і больш павольны працэс. Чалавек пачынае жыць у свеце, які малюе прапаганда, і не ўяўляе іншага. Напрыклад, пры выбары паміж РФ або ЕС для Беларусі многія прыхільнікі Расіі проста яго не бачаць. А каму мы яшчэ патрэбны? Чалавек можа разумець, што з Расіяй нічога не выйграеш, але іншыя варыянты прапаганда абразае, і ён верыць, што іх няма», — тлумачыць Генадзь Коршунаў.

Глядзіце таксама

Прапаганда стараецца, і ўсё ж грамадства ставіцца да яе асцярожна, рэзюмуе ён: «Працуе досвед і савецкі, і тых гадоў, калі быў Tut.by, і досвед 2020 года, які закрануў мінімум палову грамадства. Плюс рэпрэсіі. Тут не толькі бітва тэлевізара з халадзільнікам, але яшчэ досвед дручкоў на спіне трэба ўлічваць». 

Як надоўга хопіць «імунітэту»? «Пакаленне, якое перажыло гэты досвед, яго не забудзе. Але цяпер у ВНУ паступілі людзі, якія ў 2020 годзе былі ў старшых класах. Што ён для іх? Сказаць складана. Але савецкіх людзей усё менш. Сітуацыя дынамічная», — лічыць сацыёлаг.