Прапаганда стварае культ асобы Лукашэнкі, але асоба не дацягвае да культу
Па меры пераходу ад аўтарытарызму да таталітарызму ў адсутнасць зразумелай павесткі прапаганда прапануе рэжыму «выязджаць» на кульце асобы «правадыра». Але наколькі «правадыр» насамрэч таго варты?
Беларускіх школьнікаў возяць на экскурсіі па памятных мясцінах Аляксандра Лукашэнкі. «Беларусьфільм» хоча зняць пра яго фільм. А Мінюст зарэгістраваў «Фонд Першага», які будзе кантраляваць дабрачыннасць у краіне. Эксперты расказалі «Deutsche Welle», чаму прапаганда ў Беларусі вырашыла ўзмацніць культ асобы Лукашэнкі.
«Можна пахваліць Лукашэнку — і хутка на гэтым падняцца»
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2020 у Беларусі шэраг незалежных медыя паспрабавалі высветліць, за каго чытачы гатовыя аддаць свой голас. У выніку рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі аказаўся вельмі нізкім — каля 3%. Пасля гэтага ўлады забаранілі СМІ праводзіць палітычныя апытанні. Незалежныя сацдаследаванні ўнутры краіны таксама не праводзяцца. Праўладныя сацыёлагі заяўляюць, што Аляксандру Лукашэнку давяраюць 76,3% беларусаў (гэта даныя за 2022 год ад аналітычнага цэнтра ECOOM). Годам раней было 72%. Навошта прапагандзе ўзмацняць яго культ?
Палітолаг і рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка адзначае, што культ асобы — неад'емны элемент любой аўтакратыі. «Калі палітык затрымліваецца ва ўладзе, грамадству ўвесь час трэба тлумачыць, чым ён такі асаблівы і ўнікальны, — кажа эксперт. — Але 2020 год унёс свае карэктывы: лаяльнасць рэжыму цяпер узведзеная ў культ. І функцыянеры на розных узроўнях хутка зразумелі: можна пахваліць Лукашэнку — і хутка на гэтым падняцца».
Адыёзныя выказванні з задавальненнем цытуе дзяржаўная прэса, тлумачыць Мажэйка, і нікому невядомы персанаж хутка становіцца «героем». «Успомніць хаця б гомельскага ваенкама Крываносава, — працягвае Мажэйка. — Хто пра яго ведаў раней? Ды ніхто. Паціснуў руку Лукашэнку, заявіў, што атрымаў ад яго "зарад бадзёрасці" — і ўсё, ён ужо зорка на дзяржаўным тэлебачанні».
Акрамя таго, імя Лукашэнкі могуць выкарыстоўваць для атрымання фінансавання пад свае праекты. «Не сумняваюся, што "Беларусьфільм" лёгка атрымае фінансаванне на будучы фільм, — мяркуе рэдактар «Беларускага штогодніка». — І выбудуецца чарга з ахвотных на гэтым зарабіць».
Прычыны ўзмацнення культу асобы
Палітолаг і дырэктар «Цэнтра новых ідэй» Леся Руднік называе некалькі прычын узмацнення культу асобы Аляксандра Лукашэнкі. «Па-першае, набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Нават калі сам Лукашэнка ў выніку не будзе балатавацца, яго персона і словы будуць значныя, — тлумачыць эксперт. — Таму прапагандзе так важна павышаць да яго ўвагу, пажадана ў пазітыўным ключы».
Другая прычына — нават прыхільнікі рэжыму стаміліся ад негатыўнай павесткі, ужо трэці год беларусы штодня атрымліваюць навіны пра рэпрэсіі. «Сістэматычны пераслед грамадзян — гэта яшчэ і вялікая нагрузка на дзяржапарат: на гэта трацяцца дадатковыя бюджэтныя сродкі, а многія супрацоўнікі вымушаныя займацца рэпрэсіямі замест рэальных праблем, якія павінны вырашаць па службе, — працягвае Руднік. — У выніку нават у прыхільнікаў Лукашэнкі закрадваюцца сумневы, што рэжым трымаецца выключна на страху. І мы бачым, як прапаганда спрабуе змяніць гэтае меркаванне стварэннем пазітыўнага іміджу Лукашэнкі».
Паколькі са шчырай падтрымкай палітыка ўзнікаюць праблемы, даводзіцца ісці на штучныя меры: арганізаваныя экскурсіі школьнікаў па памятных мясцінах Лукашэнкі, стварэнне фільма пра яго або папулярызацыя яго выказванняў на адзенні, для прасоўвання якога адкрылі асобную фірмовую краму.
«Прапаганда спрабуе выдаць такую падтрымку за рэальную, — мяркуе экспертка. — У 2020-м улады разлічвалі, што змогуць хутка пагасіць пратэсты. Аднак і сёння патрабуюцца рэсурсы, каб уціхамірыць нязгодных беларусаў. Таму ў рэпрэсіі ўцягнутыя не толькі сілавікі, але таксама супрацоўнікі ўніверсітэтаў, школ, дзяржаўных прадпрыемстваў. І ўжо на іх базе, у сваю чаргу, узмацняюць культ асобы Лукашэнкі — гэта лагічнае развіццё падзей, пры якім душаць іншадумства».
Трэцяя прычына, на думку палітолага, — паказаць, што ў Беларусі толькі адзін палітычны лідар, які сам вызначае палітыку дзяржавы. «Падчас бунту Прыгожына Лукашэнка спрабаваў паказаць сябе ледзь не вяршыцелем лёсаў, гэта было важна на фоне яго рэгулярных паездак да Пуціна, якія ствараюць уражанне поўнай залежнасці ад Крамля, — адзначае Леся Руднік. — Аднак хвалебныя оды былі нядоўгімі, таму цяпер прапагандзе важна ўзмацніць яго культ».
«Сціплы Лукашэнка»
Нягледзячы на тое, што адыёзныя ідэі па падтрымцы Лукашэнкі часам зыходзяць знізу, апытаныя «Deutsche Welle» эксперты ўпэўненыя, што сам палітык ахвотна падтрымлівае такую практыку.
«Прапагандысты хітруюць, калі кажуць, што Лукашэнка настолькі сціплы чалавек, што яго давядзецца ледзь не ўгаворваць, каб зняць пра яго фільм, — адзначае Вадзім Мажэйка. — Гэта таксама частка культу асобы — прадстаўляць карціну так, быццам бы ініцыятыва зыходзіць з народа. Насамрэч Лукашэнка атрымлівае сапраўднае задавальненне, калі ім захапляюцца, і дэманструе гэта публічна».
Прапагандысты прыходзяць на сустрэчы з Лукашэнкам у адзенні з яго выказваннямі, на публічных мерапрыемствах палітык часта акружаны пераможцамі конкурсаў прыгажосці — гэта таксама частка вобразу, кажуць эксперты. «Не падобна, што Лукашэнка — сціплы чалавек, — мяркуе Леся Руднік. — Наадварот, ён падкрэслівае, што лепш за ўсіх разбіраецца ў любым пытанні, можа прыняць або адмяніць любое рашэнне, каб стварыць уражанне, што ўсё ў краіне залежыць ад яго волі».
Ці можа Мінск стаць Лукашэнскам?
Пры гэтым эксперты адзначаюць, што Лукашэнку пакуль далёка да культу асобы ў некаторых краінах Азіі. Так, у Казахстане часоў Назарбаева таксама быў створаны фонд яго імя, палітыку прысвяцілі некалькі фільмаў, але таксама ставілі яму помнікі пры жыцці, а ў выніку перайменавалі ў яго гонар сталіцу.
«Калі б Лукашэнка захацеў стометровую статую ў гонар сябе, ніхто б не наважыўся яму запярэчыць, — кажа Мажэйка. — Але ён разумее, што беларусы такія гратэскныя формы не ацэняць, не той менталітэт. Таму ўзмацненне культу асобы будзе працягвацца, але Мінск не стане Лукашэнскам».
Дырэктарка «Цэнтра новых ідэй» дапускае, што следам за «Фондам Першага» ў гонар Лукашэнкі могуць называць універсітэты і школы. «Акадэмію кіравання даўно перайменавалі — "пры прэзідэнце", пры цяперашнім жаданні ўзвысіцца мы можам убачыць ужо прозвішча Лукашэнкі ў назвах навучальных устаноў».