Асіповічы яшчэ ніколі не былі такімі вядомымі: спачатку ПВК «Вагнер», цяпер — ядзерная зброя. Што далей?

Рэгіянальныя эксперты каментуюць журналісцкае расследаванне WSJ пра магчымае з'яўленне ў Беларусі сховішча для расійскіх ядзерных боегаловак. 

Тактычная ядзерная зброя размешчана пад Асіповічамі? Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Тактычная ядзерная зброя размешчана пад Асіповічамі? Ілюстрацыйная выява: Midjourney

На мінулым тыдні «Wall Street Journal» апублікаваў відэаматэрыял са зробленымі са спадарожніка здымкамі аб'екта паблізу Асіповічаў. Аналіз гэтых фота, а таксама публікацый у беларускіх СМІ дазваляе выказаць здагадку, што Расія ўжо магла завезці туды свае ядзерныя боегалоўкі.

Журналісты WSJ пачалі весці спадарожнікавае назіранне за адной з пляцовак у Асіповіцкім раёне вясной 2023 года. Супастаўленне свежых здымкаў і тых, што былі зробленыя год таму, выявіла шэраг адрозненняў, якія дазваляюць выказаць здагадку: гэтая тэрыторыя можа быць выкарыстана для захоўвання ядзерных боегаловак, піша «Голас Амерыкі».

Так, год таму пляцоўка была засаджаная лесам. А вясной гэтага года на спадарожнікавых здымках на месцы ляснога масіва з'явіліся два дадатковыя шэрагі агароджы, прычым эксперты звярнулі ўвагу на тое, што агароджа аналагічнай канструкцыі акружае сховішча ядзерных боегаловак у Калінінградзе.

«Фактычна ўвесь беларускі суверэнітэт ужо перададзены ў Маскву»

Незалежны беларускі журналіст Міхал Янчук, гаворачы пра тактыку Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, звяртаецца да вобразнага параўнання:

«Нават калі б яны не збіраліся размяшчаць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, яны б усё роўна сказалі, што будуць гэта рабіць, таму што асноўная праблема "трамвайнага хулігана" ў тым, што калі яго перастаюць баяцца, яго могуць агульнымі намаганнямі пасажыраў выпхаць на наступным прыпынку.

У Лукашэнкі вялікія праблемы з падтрыманнем аўтарытэту "трамвайнага хулігана" — яго нават не паклікалі нядаўна ў Пекін на форум "Адзін пояс — адзін шлях", паставіўшы беларускую прапаганду ў вельмі нязручнае становішча, таму што Пуцін там быў, а Лукашэнку не паклікалі. І таму Лукашэнка спрабуе ўсімі шляхамі давесці, што ён — "сур'ёзны гулец", і што ў яго ёсць ядзерная зброя, якая дзесьці захоўваецца», — падзяліўся сваім меркаванням Янчук.

Зыходзячы з гэтага, эксперт цалкам дапускае наяўнасць на тэрыторыі Беларусі сховішчы з расійскай ТЯЗ, адзначаючы пры гэтым, што гэтая зброя не знаходзіцца пад кантролем кіраўніка мінскага рэжыму.


Глядзіце таксама

Працэс здачы Аляксандрам Лукашэнкам суверэнітэту Беларусі «старэйшаму брату» ў асобе РФ, на думку Янчука, быў запраграмаваны самім яго прыходам да ўлады. «Гэта было так заўсёды з таго часу, як Лукашэнка ў 1996 годзе стаў прэзідэнтам, правёўшы незаконны рэферэндум і сфальсіфікаваўшы яго вынікі. З 1994 па 1996 гг. ён знаходзіўся ва ўладзе цалкам легітымна, а ўсё, што было потым, праходзіла пад дэвізам "Я тут яшчэ трошкі пабуду, а вось вам (Маскве) яшчэ кавалачак беларускага суверэнітэту". І гэты працэс зараз падыходзіць да лагічнага завяршэння, таму што, фактычна, увесь беларускі суверэнітэт, ды і дэ-юрэ таксама, ужо перададзены ў Маскву. І цяпер тут камандуюць рускія, а не беларусы», — лічыць журналіст.

Паводле яго ацэнкі, жыхарам Рэспублікі Беларусь гэта відавочна не падабаецца, а прыём на сваю тэрыторыю расійскай ядзернай зброі і ператварэнне краіны ў мішэнь для ўдару ў адказ з боку NATO выклікала абурэнне нават у прыхільнікаў Лукашэнкі. Але сам ён на гэта не рэагуе, паколькі не можа больш нічога кантраляваць. «І чым далей гэтая сітуацыя развіваецца, тым больш яму трэба паказваць, які ён насамрэч "вялікі дзяржаўны дзеяч і абаронца беларускага суверэнітэту"», — падсумоўвае Міхал Янчук.

Новыя пагрозы не могуць не турбаваць Літву

Былы кіраўнік літоўскіх сіл спецыяльных аперацый, палкоўнік запасу Саўлюс Гузявічус (Saulius Guzevičius) адзначае, што намер Крамля дыслакаваць расійскую ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі неаднаразова абмяркоўвалася і раней.

«У артыкуле WSJ мы пакуль бачым толькі здагадку, але не выключана, што ў гэтым месцы размешчаныя ракеты — выказванні з боку кіраўніцтва Беларусі і Расіі былі цалкам відавочныя. І для Літвы вельмі важна засцерагчы сябе ад такога непрыемнага суседства», — адзначыў літоўскі эксперт.

На думку Гузявічуса, у першую чаргу трэба мець сучасную супрацьпаветраную абарону, каб адбіваць атакі рознага віду ракет. Неабходныя і дроны — як баявыя, так і выведвальныя, а таксама сістэмы для збівання варожых БПЛА і для забеспячэння мабільнай агнявой падтрымкі войскаў.


Глядзіце таксама

«Супрацьпаветраная абарона стаіць на першым месцы, таму давайце згадаем сітуацыю ва Украіне і Грузіі ў 2008 годзе. Пакуль працавала СПА, ім удавалася абараняцца, а калі запас ракет вычарпаўся, то Горы было занята. Падобная сітуацыя была з аэрапортам у Гастомелі — толькі супрацьпаветраная абарона дазволіла затрымаць высадку расійскіх дэсантнікаў. Расійскі спецназ заняў аэрапорт, і на падлёце ўжо былі шматлікія самалёты з дэсантам, але ўкраінская СПА збіла два самалёты — і астатнія павярнулі назад», — нагадвае палкоўнік запасу літоўскіх ССА.

Для Літвы вельмі непрыемнае суседства з краінай, на тэрыторыі якой размешчаныя ядзерныя боегалоўкі, паколькі гэта толькі ўзмацняе напружанне, падкрэслівае Саўлюс Гузявічус.

«Спачатку тут была група ПВК "Вагнер", цяпер гэтае пытанне ўжо практычна знятае, цяпер новыя пагрозы, якія Літву зусім не радуюць. Да таго ж, абсалютна адназначна, што кіраванне гэтай зброяй (калі яна сапраўды там ёсць ці з'явіцца) будзе ў руках Расіі. Пра гэта раней гаварылася, і з нашага боку таксама была такая здагадка, бо вельмі небяспечна перадаваць кіраванне ядзернай зброяй нават хаўрусніку», — падкрэслівае Гузявічус.

І напрыканцы свайго каментара паўтарае, спасылаючыся на аўтараў публікацыі ў WSJ, што пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, што канкрэтна знаходзіцца ў беларускіх лясах пад Асіповічамі.